БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЯ ДЗЯРЖАВА
У якім умовах жыла сям'я Жыгімонта Старога
Тэмпература ў пакоях рэдка падымалася вышэй за 14 градусаў. Вецер гуляў па каралеўскіх апартаментах амаль як у полі. Вокны складаліся з сотняў маленькіх шыбак, паміж якімі заўсёды было месца для скразняку. А на дзясяткі жанчын, якія былі вакол княгіні і каралевы, прыпадала толькі адна прыбіральня - без вокнаў і без вентыляцыі.
Так выглядала штодзённасць вялікага князя нашай беларуска-літоўскай дзяржавы і караля польскага Жыгімонта Старога, ягонай жонкі Боны Сфорцы і іх сына Жыгімонта Аўгуста ў Кракаве.
Чые пячаткі стаяць пад Люблінскай уніі. Імёны, прозвішчы, пасады
Перш чым зазірнуць у княска-каралеўскія апартаменты, варта сказаць некалькі словаў пра сам каралеўскі замак, з якога манархі кіравалі Каронай і Вялікім Княствам Літоўскім - Вавэль. Сёння ён адназначна лічыцца «сэрцам Польшчы», месцам нацыянальнага гонару і адным з галоўных сімвалаў польскай гісторыі. Але тыя, хто мусіў тут жыць у сярэднявеччы, наўрад ці падзялілі б захапленне сваіх нашчадкаў.
Ці не адзіным вялікім князем беларуска-літоўскай дзяржавы і каралём польскім, які сапраўды любіў караляваць у Вавэлі, быў Жыгімонт Стары. Большасць іншых манархаў імкнулася праводзіць тут як мага менш часу.
Ягайла не любіў доўга затрымлівацца ў Кракаве і рэдка праводзіў тут больш за два тыдні на год. Казімір Ягайлавіч наогул гадамі не з’яўляўся ў сталіцы Кароны Польскай. А калі ўжо абставіны прымушалі іх заставацца на Вавэлі, яны аддавалі перавагу блізкай Непаламіцкай пушчы, дзе на берагах Віслы можна было паляваць.
Тытулы і пасады ВКЛ. Хто, за што і як
Жыгімонт Аўгуст быў замілаваны Вільняй, а яшчэ больш - падляшскім Кнышынам непадалёк сённяшняй беларускай мяжы, куды за гады княжання прыязджаў не менш за 19 разоў. Пра Стэфана Баторыя можна наогул прамаўчаць: усім вядома, што ён захапляўся Гародняй і Гарадзенскай пушчай не менш за родную Трансільванію.
Гісторыя і біяграфія адзінага караля ВКЛ
Князі ВКЛ і каралі нашай Рэчы Паспалітай з дынастыі Вазаў таксама не былі зачараваныя Вавэлем. Больш таго, яны пачалі працэс паступовага пераносу цэнтру кіравання дзяржавай і асяродка свайго жыцця ў Варшаву. Канчаткова гэты працэс завяршыў Ян Сабескі, які, акрамя Варшавы і Віланава, шмат часу праводзіў на родных украінскіх землях.
Што менавіта не падабалася манархам у Вавэлі, сёння сказаць цяжка. Але адна рэч вядомая дакладна: нават пасля маштабнай перабудовы, якую распачаў Жыгімонт Стары, каралеўскі замак быў далёкі ад таго камфорту, які мы звычайна ўяўляем, калі гаворым пра жыццё манархаў XVI стагоддзя.
І менавіта цяпер самы час зазірнуць у пакоі Жыгімонта Старога і Боны Сфорцы.
Жыгімонт Стары прыняў прысягу вялікага князя беларуска-літоўскай дзяржавы ў Вільні ў кастрычніку 1506 года. Практычна тут жа ён кіруецца ў польскі Кракаў, дзе ў студзені 1507 года палякі прызнаюць яго таксама і сваім каралём. Адразу па абранні Жыгімонт Стары распачынае перабудову замка на Вавэлі. Стары гатычны замак, які ўжо не адпавядаў патрабаванняў часу, меў стаць зайздросным рэнэсансным замкам.
У 1518 годзе Жыгімонт Стары адгуляе ў замку вяселле з новай жонкай, Бонай Сфорцай, якая толькі што прыбыла з італійскага Бары. І цяпер яна будзе займацца ўпрыгожваннем Вавэля: запрашае архітэктараў, мастакоў, ювеліраў з Італіі. У Кракаў Бона прыбыла разам з дваром, які налічваў 345 чалавек.
Яна прывезла з сабой нейкую неверагодную колькасць асабістых рэчаў! Толькі галаўных убораў у яе было 96, берэтаў - 61, кашуль - 105, у тым ліку 12 начных, і незлічоная колькасць панчохаў, пасаў, веераў…
Але нават такая раскоша не магла вырашыць галоўную праблему Вавэля.
Страшэнна халодна
У каралеўскіх пакоях было халодна.
Вокны складаліся з сотняў невялікіх шыбак, паміж якімі заставаліся шчыліны. Вецер гуляў па пакоях амаль як у полі. Абагрэць памяшканні плошчай 80-100 квадратных метраў, а, прыкладам, спальня караля і налічвала з сотню квадратаў, было практычна немагчыма. У спальнях тэмпература часта не падымалася вышэй за 14 градусаў.

Нездарма на партрэтах эпохі нават у палацавых інтэр'ерах героі амаль заўсёды апранутыя ў цёплае шматслойнае адзенне.
Для Боны Сфорцы, якая гадавалася ў міжземнаморскім клімаце Апуліі, пад пякучым сонцам паўднёвай Італіі, кракаўскі холад павінен быў адчувацца асабліва востра. Таму яна хутка загадала ўсталяваць для сябе дадатковыя кафляныя печы. На ноч вокны яе спальні завешвалі чорнымі заслонамі. А для падагрэву пуховых коўдраў выкарыстоўвалася асобная невялікая пераносная печка.
Адна прыбіральня на ўсіх жанчын
Асабліва ўражваюць бытавыя ўмовы ў жаночай частцы палаца. Гэта была самая старая частка палаца, вельмі цесная, пакойчыкі маленькія. Дзясяткі прыдворных дзяўчат і служанак жылі на другім паверсе. На трэцім - сама Бона Сфорца і некалькі старэйшых прыдворных дам. Малы Жыгімонт Аўгуст жыў у пакоі пры маці. Усе яны карысталіся АДНОЙ прыбіральняй, у якой не было ні вокнаў і ні сістэмы вентыляцыі.
Ільвіная доля. Звярыныя забавы беларускіх уладароў
Пры гэтым Жыгімонт Стары жыў у новым крыле палаца і толькі ў сваіх прыватных пакоях ён мог карыстацца з чатырох асобных прыбіральняў, адна з якіх, дарэчы, была прызначана для гасцей.
За тое каралева спала на большым ложку :)
Цікавая дэталь з 1543 года захавалася ў рахунках нашых сярэднявечных уладароў.
Манаршая сям'я замовіла сабе два новыя спальныя гарнітуры. Ложак меншага памеру прызначаўся для спальні караля, а ў пакоі каралевы паставілі іншы ложак, амаль у два разы большы памерам.
А прычына была простая: тагачасная традыцыя абавязвала караля наведваць каралеву ўночы ў яе апартаментах, а не наадварот. Менавіта таму ложак каралевы павінен быў быць дастаткова вялікім, каб на ім сябе ўтульна пачувалі дзве асобы. І не мела значэння, што Жыгімонт Стары на момант рэвіталізацыі інтэр'ера меў ужо 76 год.
Кіраваць вечна. Сакрэты дыеты Ягайлы, Жыгімонта, Казіміра
Лазня з тэрасай на даху
Агляд каралеўскіх пакояў закончым лазняй.
Як мы ўжо адзначылі, Жыгімонт Стары актыўна займаўся перабудовай каралеўскага замка. І адной з прычын вялікай рэнесанснай перабудовы Вавэля было жаданне, а нават патрабаванне Боны Сфорцы мець сучасную асабістую лазню.
Яе дабудавалі так, каб каралева магла трапляць у яе з уласных пакояў па ўнутранай лесвіцы не выходзячы на вуліцу.
Лазневы комплекс складаўся з трох памяшканняў. Спачатку ішла распранальня, дзе былі нават адмысловыя кручкі для саламяных капелюшоў, драўляная падлога, стол і нават цырульніцкія прылады. Тут таксама напальвалі невялічкую печку, каб было прыемна скінуць з сябе верхнюю вопратку. Далей трэба было прайсці вузкім тамбурам і тады трапляеш у галоўную памывачную.
Дзеля патрэбаў каралевы ўсталявалі дзве вялікія купальныя кадзі. Адна з іх была выраблена з металу і важыла амаль 120 кілаграмаў. Для пакрыцця выкарыстоўвалі срэбра або волава.
А на даху лазні Бона зрабіла сабе тэрасу – аглядальную пляцоўку, дзе напэўна можна было рассмакаваць не адзін келіх чырвонага.
А вось каралю, каб трапіць у мужчынскую лазню, трэба было прайсці па адкрытым дзядзінцы замка амаль 250 метраў. Пра Жыгімонта Старога вядома, што ён з юнацтва мыўся “з галавой” двойчы на тыдзень. Ягоны сын, будучы вялікі князь літоўскі і першы лідар Рэчы Паспалітай, Жыгімонт Аўгуст у сэнсе асабістай гігіены быў яшчэ больш патрабавальны – прымаў ванну два разы на дзень.

Вавэльскі дзядзінец, сучасны выгляд. 250 метраў да лазні Жыгімонта Старога.
Фота: zamkipolskie.pl
Мужчынская лазня была больш сціплая, чым жаночая. Хаця вочы мужчын цешылі выявы грэцкіх водных багіняў, якімі былі аздоблены сцены лазні.
Вось такім было жыццё адной з наймагутнейшых манаршых сем'яў Еўропы XVI стагоддзя. Італьянскія майстры і дарагія ўборы суседнічалі тут са скразнякамі, халоднымі спальнямі і адной прыбіральняй на дзясяткі жанчын.
Рэдакцыя
___________
Пры падрыхтоўцы тэкста выкарыстоўваліся матэрыялы:
Wawel. Zamek krółewski i katedra
Maria Bogucka, Obyczaje i kulisy dworu: Bona Sforza
Kamil Janicki, Wawel. Biografia