БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЯ ДЗЯРЖАВА
Чаму Статут ВКЛ апынуўся такім жывучым?
У міжваеннай Польшчы ў 1937 годзе быў выдадзены рэгламент знішчэння судовых актаў, які загадваў старанна захоўваць акты справаў, якія разглядаліся на падставе нормаў ІІІ Статута ВКЛ, галоўнага закона дзяржавы, якой на той момант не існавала ўжо амаль 150 гадоў.
Статут Вялікага Княства Літоўскага аказаўся настолькі трывалым, што перажыў падзелы Рэчы Паспалітай, Расейскую імперыю і нават дайшоў да Другой сусветнай вайны. Вось некалькі гістарычных цікавостак, якія дапамагаюць зразумець гэты феномен.
Статут ВКЛ лічылі адным з найлепшых законаў Еўропы
Калі ў 1791 годзе дзеячы Рэчы Паспалітай, шматнацыянальнай дзяржавы беларусаў, палякаў, літоўцаў, дапісвалі будучую Канстытуцыю, адзін з яе аўтараў Гуга Калантай называў Статут ВКЛ кнігай,
“пра якую немагчыма сказаць без належнага захаплення. Гэты твор… робіць несмяротным чалавечы розум… Ліцвінскі Статут можа лічыцца самай дасканалай прававой кнігай ва ўсёй Еўропе…”
Акупанты не маглі яго адмяніць цалкам
У 1775 годзе, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, аўстрыяцкая імператарка Марыя Тарэса дазволіла карыстацца Статутам ВКЛ на акупаваных Аўстрыяй землях вырашаючы спрэчныя спадчынныя і маёмасныя пытанні.
Расея пасля першага падзелу беларускіх земляў Рэчы Паспалітай таксама была вымушана дазволіць карыстацца Статутам ВКЛ як прававым дакументам на акупаванай беларускай тэрыторыі.
І яшчэ раней, пасля захопу маскавітамі Смаленшчыны ў сярэдзіне 16 стагоддзя новая ўлада ўжывала Статут разам з правам маскоўскім.
Ворагі прызнавалі аўтарытэт Статута ВКЛ
Мікалай Навасільцаў, высокага рангу расейскі чыноўнік першай паловы XIX стагоддзя, на падпітку ў Вільні мог працадзіць скрозь зубы:
Статуце Літоўскі! Ва ўсёй Еўропе, ва ўсім свеце няма лепшага закону, чым гэты геніяльны твор Льва Сапегі”.
Службовец, які ўдзельнічаў у дэмантажы Рэчы Паспалітай, прызнаваў найвышэйшую якасць яе галоўнага закона.
Забарона Статута змяніла не ўсё
25 чэрвеня 1840 года Расея цалкам забараніла карыстацца Літоўскім Статутам на нашых землях. Але насамрэч нічога не закончылася.
Даследчыкі адзначалі, што забаронай Статута ў 1840 годзе Расея ў прававым сэнсе кінула Беларусь і Літву ў хаос: грамадзянскае права падпарадкоўвалася Статутам, у крымінальным праве існавалі нормы Статутаў, да таго ж актыўна ўводзілася акупацыйная практыка. Але разам з тым, рэкамендавалася абапірацца на дадатковыя ўказы, якія супярэчылі часта адзін адному.
У такой сітуацыі Статут быў сімвалам добрых часоў і добрай, справядлівай беларуска-літоўскай дзяржавы. Некаторыя элементы сталі так бы мовіць звычаёвым правам, то бок не пісьмовым, традыцыйным, асабліва ў сферы спадчыннай, альбо зямельных спрэчак.
Сваякі Касцюшкі не пагадзіліся з тастамэнтам генерала і забралі ўсё
Сімвал страчанай дзяржаўнасці
У сярэдзіне XIX стагоддзя Статут быў ужо не толькі юрыдычным дакументам. Ён нагадваў пра часы, калі мы жылі паводле ўласнага права.
Пасля таго, як Расея пацярпела паразу ў Крымскай вайне 1855 года і вымушана была пачаць рэформы ў сваёй закасцянелай дзяржаве, у беларускай эліты з’явілася надзея на змяншэнне рэпрэсій і лібералізацыю. У віленскім беларускім асяроддзі актыўна загаварылі пра тое, што беларуска-літоўскія землі будуць зноў мець свой Статут. Гэта моцна кантраставала з ВКЛфобскай палітыкай расейскага цара Мікалая І, які загадваў беларусам і літоўцам “не толькі размаўляць, але і слухаць, думаць і кіраваць па маскоўску.”
Паўстанец Каліноўскага, маршалак гарадзенскай шляхты Віктар Стажэнскі, яшчэ перад пачаткам Паўстання сустракаўся ў Пецярбургу з расійскімі ўладамі, у тым ліку і царом Аляксандрам ІІ, напісаў і перадаў яму Мемарыял аб патрэбах Літвы. Прапанаваў вярнуць на беларуска-літоўскія землі абноўлены ІІІ Статут ВКЛ.
А ўжо цягам уласна паўстання - у Менску, падчас ператрусу ў аднаго з паўстанцаў, расейскія войскі знайшлі рукапісны Літоўскі катэхізіс. І там было наўпрост напісана: Хто можа называцца ліцвінам? Той, хто верыць у свабоду і кіруецца законамі Статута ВКЛ.
Гісторыя аднаго з самых драматычных лёсаў паўстання Каліноўскага
Святыня паўстанцаў
У паэме “Дзяўчына Літвы Эмілія Плятэр. Гістарычны рыфматвор” аўтарства Юрыя Рэчынскага, польска-беларуска-літоўскага дзеяча і пісьменніка, карані якога з нашых Жыровічаў, два паўстанцы прысягаюць дапамагаць Эміліі Плятэр на кнізе, якую трымае стары. І гэта кніга не Біблія. Гэта III Статут ВКЛ.
Настольная кніга
Польскі гісторык беларускага паходжання Баляслаў Ліманоўскі, высланы за ўдзел у паўстанні Каліноўскага ў расейскую Архангельскую губерню, прывёз з сабою ў ссылку не толькі малітоўнік, але і асобнік ІІІ Статута ВКЛ.
Суды працягвалі жыць паводле логікі Статута
Нават пасля забароны ў 1840 годзе беларуска-літоўскае права яшчэ доўга захоўвала актуальнасць. У Расеі многія нормы Статута ўплывалі на практыку судоў. Асабліва гэта датычылася спадчынных і зямельных спрэчак.
Да канца ХІХ стагоддзя многія суды кіраваліся Статутам ВКЛ пры вырашэнні спрэчных справаў. А ва ўкраінскіх частках ВКЛ, Чарнігаўшчыне і Палтаўшчыне, зафіксавана, што некаторыя элементы Статута ВКЛ былі рэальнымі ў судах ажно да 1917 года.
І нават у ХХ стагоддзі ён нікуды не знік
І гэта быў не канец беларуска-літоўскіх Статутаў. У міжваеннай Польшчы ў 1930 годзе ў Вільні Апеляцыйны суд разглядаў сапраўднасць рашэнняў прынятых судамі ў Гродне ў 1839 годзе, яшчэ на падставе дзеяння ІІІ Статута ВКЛ.
Але і гэта быў не канец гісторыі. У той жа міжваеннай Польшчы, якая апанавала часткі беларускіх і літоўскіх земляў, у 1937 годзе быў выдадзены рэгламент знішчэння судовых актаў, які наказваў старанна захоўваць акты справаў, якія разглядаліся на падставе нормаў ІІІ Статута ВКЛ.
Ад прыняцця III Статута ВКЛ да гэтага распараджэння мінула 349 гадоў.
Рэдакцыя
_____________
На падставе:
Andrzej Zakrzewski Statuty Wielkiego Księstwa Litewskiego: geneza, kształt, funkcjonowanie, relikty
Tamara Bairašauskaitė Kilka uwag o życiu i twórczości Jerzego Ręczyńskiego, autora poematu Dziewica Litwy Emilia Plater
Таццяна Доўнар, Развіццё асноўных інстытутаў грамадзянскага і крымінальнага ітрава Беларусі ў XV—XVI стагоддзях