ШТОДЗЁННАЕ ЖЫЦЦЁ
Тытулы і пасады ВКЛ. Хто, за што і як
Хто з нас, аматараў беларускай гісторыі, не сустракаў у літаратуры гэтых гучных, а часам і дзіўных тытулаў - гетманы, маршалкі, падкаморыя, шамбеляны, крайчыя, войскія, харужыя? У Вялікім Княстве Літоўскім іх былі дзясяткі.
З часам адны пасады знікалі, другія ўзнікалі, трэція гублялі рэальны ўплыў і ператвараліся ў пачэсныя, але прэстыжныя тытулы. У розных рэгіёнах княства сістэма тытулаў і пасад таксама магла адрознівацца. За гэтыя пасады змагаліся, іх выпрошвалі, праз іх набліжаліся да ўлады, а памыліцца ў тытуле ўплывовага чалавека часам было проста небяспечна - шабля з похваў і да бою!
Але за ўсімі гэтымі назвамі стаяць не толькі амбіцыі, гонар і пыхлівыя цырымоніі. Гэта яшчэ, і перш за ўсё, рэальная сістэма кіравання Вялікім Княствам Літоўскім - жывой і небанальнай дзяржавай, дзе ўлада трымалася не толькі на законах, дакладным размеркаванні функцый, але і на традыцыях, на асабістых сувязях, абавязках, даверы.
Разабрацца, хто быў кім і за што адказваў, значыць лепш зразумець, як насамрэч працавала ВКЛ. Уявіце сабе ў часы Рэчы Паспалітай: вялікі князь літоўскі і кароль польскі едзе з Кракава ў Вільню, і ў момант перасячэння мяжы з княствам дзесьці пад Крынкамі, дзяржаўныя функцыі ад каронных чыноўнікаў пераходзілі да чыноўнікаў ВКЛ. Гэта амаль як стыкоўка ў космасе :) Вось такім складаным і тонкім быў механізм функцыянавання.
Як ужо было адзначана - тытулаў і пасадаў у ВКЛ было дзесяткі. У нашым аглядзе мы раскрыем толькі самыя асноўныя, папулярныя і цікавыя, якія тычацца выканаўчай дзейнасці, прадстаўнічай, вайскова-гаспадарчай. Духоўную і судовую галіны пакінем на асобны артыкул.
Дзеля лепшага ўспрымання трымайце нашу "вертыкаль":

Цэнтральная ўлада:
Вялікі князь літоўскі - фармальны і фактычны кіраўнік Вялікага Княства Літоўскага. Ён вызначаў стратэгію і прыярытэты, за ім было апошняе слова ў пытаннях вайны і міру. Ён кіраваў дыпламатыяй, прызначаў найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў і быў апошняй судовай інстанцыяй у дзяржаве.
Ад смерці Вітаўта і да Люблінскай уніі найвышэйшая ўлада ў ВКЛ перадавалася ў спадчыну дынастыяй Ягайлавічаў – князямі былі нашчадкі Ягайлы і Сафіі Гальшанскай. Пасля заключэння Люблінскай уніі вялікім князем літоўскім адначасова быў выбраны каралём Рэчы Паспалітай - супольнай дзяржавы, якую складалі польскія, беларускія, літоўскія і частка ўкраінскіх земляў.
Паны-рада - не будзе вялікім перабольшваннем сказаць, што княская рада ВКЛ спалучала ў сабе характарыстыкі сучасных Рады бяспекі і Сената. У яе ўваходзілі самыя ўплывовыя магнаты і найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі, з якімі раіўся вялікі князь. Менавіта тут абмяркоўваліся галоўныя пытанні нашай дзяржавы: вайна і мір, падаткі, дыпламатыя, адносіны з суседзямі і важныя дзяржаўныя прызначэнні.
Паны-рада была не толькі дарадчым органам, але і ў ідэале своеасаблівым механізмам стрымлівання вялікага князя - гарантыяй таго, што ключавыя рашэнні дзяржавы не будуць прынятыя паспешліва, на эмоцыях, не прынясуць небяспекі для краіны. Але гэта, вядома, у ідэале.
Вялікі маршалак літоўскі - адна з самых уплывовых асобаў пры двары вялікага князя. У сучасных паралелях – вялікі маршалак мог бы замяніць кіраўніка палітычнай адміністрацыі, шэфа дзяржаўнага пратаколу і асабістага дарадцу кіраўніка дзяржавы. Вялікі маршалак арганізоўваў працу двара, соймаў і дзяржаўных сустрэч, прымаў замежных паслоў і кантраляваў доступ да кіраўніка дзяржавы. Праз яго часта праходзілі ўсе асабліва далікатныя і персанальныя дзяржаўныя справы. Гэта пасада звычайна для Радзівілаў, Сапегаў, Пацаў.
Вялікі канцлер літоўскі - трымаў руку на пульсе вялікакняскай канцылярыі, настройваў працу дзяржавы, яе вертыкальныя і гарызантальныя сувязі. Кіраўнік адміністрацыі, міністр юстыцыі і міністр замежных спраў у адной асобе. Канцлер адказваў за дзяржаўную пячатку, падрыхтоўку законаў, архівы і ўсё справаводства дзяржавы, падначаленыя яму пісары і дзякі вялі міжнародную перапіску,
Вялікі гетман літоўскі - галоўны военачальнік ВКЛ пасля вялікага князя і фактычны галоўнакамандуючы войскам. Ён кіраваў арганізацыяй арміі, абаронай дзяржавы, ваеннымі паходамі і стратэгіяй падчас войнаў. Асаблівую ролю гетманы адыгрывалі ў XVI-XVII стагоддзях, калі ВКЛ амаль бесперапынна ваявала з Маскоўскай дзяржавай, Крымскім ханствам і Швецыяй. У сучаснай класіфікацыі чыноў і званняў гетман спалучае ў сабе функцыі і адказнасць міністра абароны і галоўнакамандуючага войскам.
Намеснікам вялікага гетмана быў гетман польны. Сказаць намеснікам будзе не зусім дакладна. Ён хутчэй адказваў за тактычныя дзеянні, кіраваў аперацыямі на поле бітвы, а таксама аператыўнае рэагаванне на ваенныя пагрозы і выклікі, інцыдэнты на мяжы. А іх не бракавала, асабліва на паўднёва-ўсходніх межах, дзе шчыравалі доўгі час татары і на ўсходніх межах, дзе былі частымі напады маскавітаў на Смаленск, Мсціслаў, Полацак.
Вялікі падскарбі - кіраўнік дзяржаўнага скарбу і галоўны адказны за фінансы ВКЛ. Ён кантраляваў дзяржаўныя даходы і выдаткі, падаткі, мыты і манетную справу. Дзяржаўны скарб фармаваўся з даходаў ад зямель вялікага князя, гарадскіх падаткаў, карчмаў, судовых збораў і мытаў - памежных, дарожных, маставых. Скарб складаўся не толькі з рэальных грошай, але і з каштоўных рэчаў, металаў і ювелірных вырабаў. За часоў Вітаўта значная частка дзяржаўнага скарбу захоўвалася ў Троках. Доўгі час у ВКЛ дзяржаўны скарб і бюджэт вялікага князя былі адным цэлым – амаль як «нашы грошы – гэта мае грошы!» Але, прыкладна з часу панавання Казіміра IV Ягелончыка, скарб дзяржавы аддзялілі ад асабістай маёмасці вялікага князя. Уласны эмісійны цэнтр з'явіўся ў ВКЛ за Аляксандра Ягелончыка. У Вільня пачалі актыўна біць наш паўгрош, які заменіць дынар і надоўга стане асноўнай стабільнай срэбнай манетай беларуска-літоўскай дзяржавы.
Ключнік, магчыма і не меў уплыву на ўнутраную і знешнюю палітыку дзяржавы, але выконваў важную для існавання кіраўніка і дзяржавы работу - загадваў гаспадаркай. Склады, запасы збожжа і зброі, гаспадарчыя пабудовы, харчаванне і агульная арганізацыя парадку - усё гэта на ім. У маёнтках буйных магнатаў ключнік мог мець большы ўплыў на рашэнні, бо фактычна кантраляваў усю штодзённую эканоміку.
Падкаморы надворны. Першапачаткова - таксама адна з найбліжэйшых асобаў вялікага князя. Ён фактычна непасрэдна кантактаваў з людзьмі двара - сачыў за парадкам пры двары, арганізоўваў аўдыенцыі, кантраляваў доступ да кіраўніка дзяржавы і прымаў просьбы падданых. Часткова гэта нагадвае службу дзяржаўнага пратаколу, асабістага сакратара кіраўніка дзяржавы і службу бяспекі адначасова. З часам частка рэальных функцый перайшла да іншых дваровых службоўцаў, а пры двары з’явілася мноства шамбелянаў – гэта ўжо быў пачэсны тытул, праз які манарх падтрымліваў сувязі са шляхтай і магнатамі, а таксама набліжаў да сябе адных і аддаляў іншых.
Адзначым, што вялікакняскі двор у ВКЛ гэта не тэрыторыя, не толькі рэзідэнцыя, а хутчэй уся сістэма кіравання вакол кіраўніка дзяржавы. Назавем яго цэнтрам палітычнага кіравання. Таму «дваровыя чыноўнікі» - гэта не слугі ў вузкім сэнсе, а ўплывовыя службовыя асобы, якія мелі доступ да вялікага князя і гэтым самым удзельнічалі ў кіраванні дзяржавай.
Рэгіянальная эліта:
Ваявода - колішні стараста альбо намеснік у ВКЛ. Галоўны прадстаўнік дзяржаўнай княскай улады ў рэгіёне. Кіраваў мясцовай адміністрацыяй, кантраляваў выкананне законаў, склікаў шляхту на вайну і адказваў за абарону рэгіёна. У мірны час гэта быў найвышэйшы грамадзянскі кіраўнік тэрыторыі, а падчас вайны - яшчэ і ваенны арганізатар. Як не павярні - старшыня аблвыканкама з дадатковымі ваеннымі паўнамоцтвамі. У народзе засталося незабыўнае: Што можна ваяводзе, тое не можна табе, смуродзе.
ВКЛ першапачаткова дзяліліся на княства і воласці, як, напрыклад, на Віленскае і Троцкае княствы часоў Альгерда і Кейстута. Потым, ужо за часоў позняга Вітаўта пачалі з’яўляцца ваяводствы - спачатку віленскае і троцкае. На сумежжы 15-16 стагоддзя яшчэ і полацкае, наваградскае, віцебскае.
У часы Люблінскай уніі ВКЛ дзялілася на 9 ваяводстваў – дадаліся мсціслаўскае, менскае, брэст-літоўскае, смаленскае (тая частка, якая заставалася пад уладай ВКЛ). Не бярэм тут пад увагу падляшскае, кіеўскае, валынскае, брацлаўскае ваяводствы, якія Карона інкарпаравала ў 1569 годзе, “угаворваючы” магнатаў і шляхту ВКЛ падпісаць унію. Жамойць жа мела статус княства, на чале быў генеральны стараста з паўнамоцтвамі ваяводы. Жамойць мела таксама сваю адміністратыўную структуру, складалася з цівунстваў, беларускія жа ваяводствы дзяліліся на паветы – больш за 20.
Кашталян - першапачаткова быў камендантам замка і наваколля, адказваў за гарнізон, умацаванні і бяспеку. З цягам часу кашталяны набіралі ўсё больш свецкай ролі, былі лакальнай шляхтай. Удзельнічалі ў кіраванні паветам, кантралявалі частку судовых і адміністрацыйных спраў, а ў ваенны час маглі арганізоўваць мясцовае войска. У сучасных паралелях гэта нешта паміж кіраўнікамі райвыканкамаў, мясцовых саветаў і ваенкомаў.
Войскі – службовец, які адказваў за падтрыманне парадку ў рэгіёне, калі мясцовая шляхта сыходзіла на вайну. Такі тагачасны ваенком.
Вайскова-гаспадарчыя пасады:
Абозны - адказваў за арганізацыю жыцця вайсковага лагера, дбаў пра размяшчэнне войска ў паходзе, забеспячэнне харчавання, рыштунку, зброі. Фактычна гэта інтэндант таго часу.
Стражнік - кіраваў вартай у рэгіёне, сачыў за бяспекай двара або вызначанай тэрыторыі.
Мастаўнічы - арганізоўваў будаўніцтва і рамонт мастоў, перапраў і дарог. Для вялікай дзяржавы з мноствам рэк, якім было ВКЛ, вырашэнне гэтага пытання было важна як для штодзённага жыцця, эфектыўнага кіравання, гандлю, і на вайсковыя патрэбы.
Будаўнічы – гэта ўпраўленне капітальнага будаўніцтва ВКЛ. Кіраваў пабудовай замкаў, палацаў, абарончых збудаванняў, складоў.
Гараднічы – дбаў пра стан замкаў і гарадскіх умацаванняў. Усе рамонты сцен, вежаў, брамаў - на ім. Задача адна – замак, горад павінны вытрымаць аблогу.
Дваровыя і пачэсныя пасады:
Падчашы вялікі першапачаткова адказваў за напоі пры двары і падачу віна падчас урачыстасцяў. У сярэднявеччы гэта была важная пасада, трэба было гарантаваць, што ежа і напоі, якія спажывае князь, не атручаныя. Памыляўся падчашы адзін раз. Пазней пасада стала галоўным чынам пачэснай.
Чашнік вялікі - арганізоўваў княскія застоллі, сачыў за прыдворным этыкетам і падачай напояў. Калі параўноўваць з сучаснасцю, то гэта нешта паміж кіраўніком пратаколу і адміністратарам на афіцыйных дзяржаўных прыёмах.
Струкчашы - прэстыжная пасада. Даслоўна - той, хто вызначаў каму і дзе сядаць пры бяседным стале з удзелам князя. Струкчашы часта акампаніяваў вялікаму князю на застоллях.
Крайчы вялікі - адказваў за падачу страваў да стала вялікага князя і кантраляваў прыдворны этыкет падчас чэны, прандыюму ці каляцыё. Як і чашнік, уваходзіў у найбліжэйшае атачэнне двору.
Скарбнік - дапамагаў кіраваць дзяржаўнымі фінансамі і сачыў за скарбам. Ён мог весці ўлік грошай, каштоўнасцяў і падаткаў. Гэта нешта накшталт дзяржаўнага казначэя.
Лоўчы - арганізоўваў паляванне вялікага князя і наглядаў за княжацкімі лясамі. Паляванне тады было не толькі забавай, але і часткай палітыкі, дыпламатыі і вайсковай падрыхтоўкі дзяржаўнай эліты. Ягайла з Вітаўтам у 1409 годзе асабіста выбраліся на паляванне ў Белавежскую пушчу, каб назапасіць правіянт да Грунвальдскай бітвы.
Мечнік вялікі - насіў меч кіраўніка дзяржавы падчас урачыстасцяў і сімвалічна прадстаўляў вайсковую моц дзяржавы. З цягам часу гэта стала пераважна ганаровай пасадай. Гэта ён нёс грунвальдскі меч з гербам Пагоняй у часе каранацыі караля Рэчы Паспалітай.
Канюшы - кіраваў княскімі стайнямі, коньмі і транспартам двара. У эпоху, калі конніца была галоўнай сілай войска, гэта была вельмі важная гаспадарчая і вайсковая функцыя.
Харужы вялікі – адказваў за сцяг з Пагоняй, які выносіў на важных цырымоніях з удзелам вялікага князя. Яго заданнем была арганізацыя і темп вайсковага марша. Адным з самых знакамітых харужых быў Багуслаў Радзівіл - герой беларуска-літоўскай дзяржавы.
PS А былі ж яшчэ і такія пасады як сын урадніка альбо дачка ўрадніка :)