АСОБА У ГІСТОРЫІ

больш артыкулаў

07-05-2026

Гэта гісторыя звязала з Беларуссю ч...

Абраны...

прачытаць
18-06-2026

Вяртанне Еўфрасінні. Дарога дадому даўжынёй у 723 гады

На гэтым фотаздымку - унікальная гістарычная падзея. У старажытны беларускі горад, калыску нашай дзяржаўнасці – Полацк, вяртаецца Еўфрасіння Полацкая. Пасля амаль сямі з чвэрцю стагоддзяў адсутнасці.

Для нас Еўфрасіння не проста святая. Яна ўвасабляе памяць пра ўласную дзяржаўную і культурную традыцыю, пра веліч Полацкай зямлі, пра час, калі на берагах Дзвіны фармаваўся адзін з найстаражытнейшых цэнтраў усходнееўрапейскай цывілізацыі. І надзею на чаканае адраджэнне.

Чытаць далей: Усяслаў Чарадзей Полацкі. Анатомія легенды

На здымку, зробленым 4 чэрвеня 1910 года, парэшткі святой нясуць па полацкім Чырвоным мосце. Завяршаецца месяц доўгай дарогі дадому з Кіева-Пячорскай лаўры. Апошнія 201 кіламетр шляху - ад Воршы да Полацка - кіпарысавую раку першай беларускай святой вернікі нясуць на руках.

 

Еўфрасіння Полацкая памерла ў Іерусаліме ў 1173 годзе падчас паломніцтва ў Святую Зямлю. У 1187 годзе яе парэшткі былі перанесены ў Кіеў. Там, у Кіева-Пячорскай лаўры, яны захоўваліся больш за сем стагоддзяў - амаль столькі ж, колькі мінула ад часу росквіту Полацкага княства да пачатку ХХ стагоддзя.

 

З 1832 года беларускія праваслаўныя дамагаліся вяртання святой Еўфрасінні дадому. Але цягам 77 гадоў расейскія ўлады адмаўлялі ў гэтых просьбах. Толькі сёмы зварот аказаўся паспяховым: у ліпені 1909 года расейскі імператар Мікалай ІІ даў дазвол на перанос мошчаў у Полацк.

Той, хто раскалоў імперыю

У маі 1910 года пачалося падарожжа святыні з Кіева. Для мошчаў была адмыслова выраблена кіпарысавая рака. Яе ўсталявалі на ўпрыгожаным сцягамі і кветкамі параходзе «Галавачоў». У суправаджэнні яшчэ двух суднаў - «Аляксандраўска» і «Кіева» -  беларуская святыня пераадолела па Дняпры больш за 700 кіламетраў.

На ўсім шляху працэсію чакаў неверагодны людскі ўздым. У Рэчыцы, Жлобіне, Рагачове, Быхаве, Магілёве і Оршы вуліцы ўпрыгожвалі аркамі з жывых кветак. Тысячы людзей выходзілі на берагі ракі, каб убачыць параход са святыняй. Берагі Дняпра нагадвалі жывы ланцуг, які цягнуўся на многія кіламетры: людзі стаялі на каленях са свечкамі ў руках. У Рагачове яе сустрэлі каля 50 тысяч чалавек, у Магілёве - каля 75 тысяч.

 

Ад Воршы да Полацка праз Віцебск Еўфрасіння працягнула свой шлях ужо на руках вернікаў. Калі працэсія нарэшце дасягнула Полацка, горад сустракаў яе як палачанку, якая вярнулася дадому пасля шматвяковай разлукі.

 

5 чэрвеня 1910 года мошчы былі ўрачыста ўсталяваныя ў Спаскай царкве манастыра, заснаванага самой Еўфрасінняй. Завяршылася падарожжа, якое расцягнулася не толькі на сотні кіламетраў, але і на сотні гадоў.

І ўсё ж ХХ стагоддзе падрыхтавала новыя выпрабаванні. Лёс яшчэ не раз прымусіць Еўфрасінню пакідаць Полацк - яе парэшткі будуць вывозіць у Растоў, Віцебск, Маскву, зноў у Віцебск. І толькі ў 1943 годзе Еўфрасіння Полацкая вярнулася ў свой горад канчаткова. І з таго часу яна назаўсёды тут, дзе хацела быць сама - у Полацку.

4 чэрвеня 1910 г. Полацк. Чырвоны мост. Вернікі нясуць парэшткі беларускай святой Еўфрасінні Полацкай. Фота: публічная дамена.