ВЕЛІЧ ПОЛАЦКА
Той, хто раскалоў імперыю
Калі б Усяслаў Полацкі прайграў сваю галоўную барацьбу, беларускай гісторыі магло б проста не быць у тым выглядзе, у якім мы яе ведаем сёння.

На падставе работ Паўла Татарнікава
Ён не дазволіў Полацку стаць правінцыяй
У XI стагоддзі на ўсходзе Еўропы ўсё жыццё віравала вакол старажытнаўкраінскага Кіева, дзе нараджалася вялікая дзяржава нашчадкаў Яраслава Мудрага. Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад імкнуліся сабраць вакол сябе ўсе ўсходнеславянскія землі і падпарадкаваць іх адзінаму цэнтру ўлады. Для Полацка, які быў ядром будучай беларускай дзяржаўнай традыцыі, рэалізацыя гэтых планаў азначала страту самастойнасці і перспектыву стаць адной з правінцый чужой дзяржавы.
Усяслаў Полацкі на такі лёс не пагадзіўся і прысвяціў жыццё барацьбе з мацнейшымі супернікамі свайго часу. Ён ваяваў з Кіевам, Ноўгарадам і Псковам, трапляў у палон, губляў уладу, але зноў вяртаўся да сваёй жыццёвай мэты – ён перажыў Яраслававічаў і не дазволіў Полацкай зямлі растварыцца ў іх вялікай дзяржаве Яраслававічаў.
Менавіта пры Усяславе Полацк перажывае свой залаты век. Гэта ўжо адзін з найбуйнейшых цэнтраў Усходняй Еўропы. Тут будуюць каменныя храмы, перапісваюць кнігі, працуюць святары і вучоныя людзі, засноўваюць школы пры цэрквах, пішуць летапісы. Полацкая зямля ўваходзіць у шэраг найбольш развітых хрысціянскіх дзяржаў свайго часу.
Беларускае Полацкае княства прасціраецца на 100 тысяч квадратных кіламетраў земляў (амаль палова сённяшняй Беларусі). Мяжуе з Тураўскім на поўдні, на поўначы з Наўгародскай зямлёў, на ўсходзе з Смаленшчынай, на захадзе і паўночным захадзе – з літоўскімі і латышскімі народамі
Пры Усяславе Полацкая зямля літаральна пакрываецца сеткай гарадоў і крэпасцяў. Умацоўваюцца Віцебск, Менск, Заслаўе, Лукомль, Друцк, Орша, Браслаў, Дрысвяты. На Дзвіне паўстаюць полацкія апорныя пункты Кукейнос і Герцыке. Гэта добра арганізаваная дзяржава са сваёй сістэмай абароны, кіравання і кантролю над гандлёвымі шляхамі.
Горад-княства стаў адным з галоўных цэнтраў Усходняй Еўропы, самастойнай дзяржавай Еўропы. Полацк меў уласныя інтарэсы, уласныя саюзы і ўласныя амбіцыі. Менавіта Полацк стане адной з крыніц беларускай дзяржаўнай традыцыі. З гэтых пазіцый Полацка ўжо неўзабаве і вырасце Вялікае Княства Літоўскае.

Ён раскалоў імперыю славян
Усяслаў быў не толькі годным ваяром, але і фенаменальным дыпламатам.
Амаль дваццаць гадоў яму давялося супрацьстаяць своеасабліваму «трыумвірату» Яраславічаў - Ізяславу Кіеўскаму, Святаславу Чарнігаўскаму і Усеваладу Пераяслаўскаму. Разам яны кантралявалі большую частку ўсходнеславянскіх земляў Русі. Іх уладанні займалі каля мільёна квадратных кіламетраў, а войскі значна пераўзыходзілі полацкія.
Будзем шчырымі: калі б тры браты заўсёды дзейнічалі адзіным фронтам, старажытная беларуская дзяржава наўрад ці мела б шанцы на выжыванне. Усяслаў гэта цудоўна разумеў. Таму сваёй галоўнай палітычнай задачай ён зрабіў не перамогу над Яраслававічамі, а недапушчэнне іх поўнага адзінства.
Ён майстэрска гуляў на амбіцыях братоў, выкарыстоўваў супярэчнасці паміж імі, лавіў моманты для перамоваў і расколаў. Калі гісторыкі гавораць пра дыпламатычны талент Усяслава, то менавіта тут ён праявіўся найбольш ярка.
Яшчэ было далёка да Вітаўта, Макіявелі, Талейрана і Бісмарка. Але полацкі князь ужо выдатна разумеў прынцып вялікай палітыкі: невялікая амбітная дзяржава выжывае тады, калі бОльшыя суседзі не могуць дамовіцца паміж сабой.
Прачытаць: Дыпламатка, візіянерка, яна трымала лейцы дачыненняў ВКЛ з тэўтонамі
У 1066 годзе ён ідзе на Пскоў, у 1067-м бярэ і рабуе Ноўгарад, і прывозіць званы ноўгарадскай Сафіі ў Полацк. Гэтыя паходы мелі не толькі ваенны сэнс.
Яны даводзілі Яраславічаў да шалу, прымушалі дзейнічаць пад ціскам, разбуралі іх планы. Усяслаў выкарыстоўваў любую магчымасць, каб аслабіць сваіх супернікаў: імкнуўся ізаляваць іх ад скандынаўскай падтрымкі, шукаў саюзнікаў і ўмела карыстаўся канфліктамі ўнутры самога княскага роду.
Асабліва выразна яго дыпламатычны талент праявіўся пасля кіеўскага паўстання 1068 года.
Калі кіяўляне вызвалілі Усяслава з турмы і пасадзілі на вялікакняскі пасад, ён прабыў у Кіеве ўсяго каля сямі месяцаў - з верасня 1068-га да красавіка 1069 года. Для чалавека, які кіраваў Полацкам больш за паўстагоддзя, гэта была толькі мізэрная старонка ўлады.
Але гэтыя некалькі месяцаў ён выкарыстаў напоўніцу. Усяслаў здолеў павярнуць амбіцыі Святаслава і Усевалада супраць іх старэйшага брата Ізяслава. Святаславу прапанаваў перспектыву атрымаць Ноўгарад ў дадатак да Чарнігава, Усеваладу – “дараваў” Валынь, а нам Усяслаў пакідаў Кіеў, Полацак і Смаленск.
Фактычна ён падштурхоўваў братоў думаць не пра адзінства дзяржавы, а пра ўласныя інтарэсы.
Праз некалькі гадоў тое, што яшчэ нядаўна выглядала непахісным саюзам, развалілася. У 1073 годзе Святаслаў і Усевалад самі выступілі супраць Ізяслава і выгналі яго з Кіева. Дваццацігадовы трыумвірат Яраславічаў перастаў існаваць. Запанаваў палітычны раскол.
Безумоўна, было б перабольшаннем сцвярджаць, што толькі Усяслаў стаў прычынай гэтага расколу. Супярэчнасці паміж братамі былі ўвесь час, іх заклаў, па сутнасці, іх бацька – Яраслаў Мудры. Але полацкі князь здолеў па-майстэрску выкарыстаць іх у інтарэсах сваёй дзяржавы.
Нават пасля вяртання з Кіева ў Полацак ён працягваў дзейнічаць не толькі мячом. Калі на яго зямлю абрушваліся новыя паходы, і ў Менску ворагі «не оставили ни челядина, ни скотины»Усяслаў адказваў ударамі па Смаленску і Ноўгарадзе, прымушаючы супернікаў распыляць сілы.
У выніку адбылося тое, што выглядала малаверагодным. Невялікае, адносна, Полацкае княства не проста выжыла побач з магутнай дзяржавай Яраслававічаў.
І калі галоўным дасягненнем Усяслава-ваяра была абарона Полацкай зямлі, то галоўным дасягненнем Усяслава-дыпламата стала тое, што ён два дзесяцігоддзі не дазваляў сваім мацнейшым супернікам дзейнічаць супраць Полацка супольным фронтам.

Ён зрабіў Полацак еўрапейскім
Галоўнай стратэгічнай мэтай Усяслава Полацкага быў кантроль над усёй Дзвіной: ад вытокаў да вусця. У XI стагоддзі хто кантраляваў гэтую раку, той кантраляваў гандаль паміж Балтыкай і ўсходнеславянскімі землямі. І Дзвінская водная камунікацыя была жалезна пад кантролем Полацка.
Сёння гэта гучыць крыху дзіўна, але першая беларуская дзяржава, Полацкае княства, была дзяржавай марской. Усяслаў меў свой флот. Ці на поўдзень - у Кіеў і Канстанцінопаль, ці на поўнач - на Готланд і Памор'е, беларускія купцы хадзілі на полацкіх ладдзях.
Кожная дзяржава мае свой сімвал сілы. Сёння гэта можа быць сталіца з хмарачосамі, універсітэтамі па-надсусветнага ўзроўню і ўсімі любімай футбольнай камандай або тэхналагічнымі кампаніямі ці казіно.
У XI стагоддзі такім сімвалам быў вялікі каменны храм. І менавіта такі сімвал сілы ўзвёў Усяслаў - Сафію Полацкую.
Галоўны храм тагачаснай беларускай дзяржавы, скажам нясціпла, быў палітычнай дэкларацыяй.
У той час саборы святой Сафіі існавалі толькі ў самых уплывовых цэнтрах Усходняй Еўропы - у багацейшых Кіеве і Ноўгарадзе. Усяслаў ставіць Сафію ў Полацку і дае сігнал усім суседзям: Полацк больш не лічыць сябе ўскраінай чужога свету.
Што тут хаваць - Полацкая Сафія была найбуйнейшым і самым дарагім праектам у гісторыі старажытнай беларускай дзяржавы. І была не толькі сімвалам палітычнай магутнасці.
Чытаць далей: Як вярнулася дадому Еўфрасіння Полацкая
Яна стала цэнтрам адукацыі і кніжнай культуры. Пры саборы існавала знакамітая бібліятэка, якая славілася нават праз некалькі стагоддзяў. Іначай кажучы, прадбачлівы Усяслаў інвеставаў не толькі ў сцены, але і ў веды.

Ён стаў лідарам усходніх славянаў
(і хай сабе ненадоўга)
І гэты тытул Усяслаў не прыдумаў сабе сам, яго такім назвалі кіеўляне, якія абралі яго ў 1068 годзе сваім князем.
У 1068 годзе ў Кіеве адбылася падзея, якой не павінна было адбыцца.
Полацкі князь Усяслаў сядзеў у турме. Яго падманам захапілі Яраславічы пасля бітвы на Нямізе і кінулі ў “поруб” - вязніца без дзённага святла, сурова нават на сённяшнія, зусім невегетарыянскія, беларускія часы.
14 месяцаў у такіх умовах - палітычная кар'ера Усяслава Полацкага, лічы, скончаная. Абы жывым выбрацца.
І тут паўстае Кіеў. Пасля паразы ад полаўцаў месцічы зрынаюць свайго вялікага князя кіеўскага Ізяслава, вызваляюць Усяслава Полацкага з вязніцы і садзяць яго на кіеўскі трон. Фантастыка! Унікальны выпадак.
Усяслаў у тую эпоху апынуўся адзіным князем, які заняў кіеўскі пасад, не належачы да клану Яраслававічаў. Больш таго – ён быў ворагам Яраслававічаў! На тыя часы гэта было як стаць, не раўнуючы, імператарам Рымскай імперыі. У пэўнай ступені для Полацка гэта быў момант найвышэйшага міжнароднага прызнання.
Фактычна ўсе ўсходнія славяне убачылі тое, што ўжо даўно ведалі нашыя продкі на Дзвіне: полацкі князь можа прэтэндаваць на ролю кіраўніка ўсёй усходнеславянскай прасторы.
Так, яго ўлада ў Кіеве працягвалася нядоўга. Неўзабаве Ізяслаў вярнуўся з польскім войскам і вярнуў сабе трон.
І таму галоўнае дасягненне Усяслава тут не ў тым, што ён некалькі месяцаў быў вялікім князем кіеўскім. А ў тым, што ён стаў першым і адзіным кіраўніком Полацка, якога найбуйнейшы горад на той час Усходняй Еўропы прызнаў вартым кіраваць сабой.
