ВЕЛІЧ ПОЛАЦКА

больш артыкулаў

18-06-2026

Той, хто раскалоў імперыю

Калі б...

прачытаць
18-06-2026

Усяслаў Чарадзей-Полацкі. Анатомія легенды

Абаронца Полацка і Смаленска, дазорца Балтыкі, пераможца Ноўгарада і Пскова, уладар Кіева - усё гэта Усяслаў Чарадзей-Полацкі. Пра яго гісторыя захавала неверагодныя легенды. Разабраліся, што стаяла за гэтымі аповедамі нашчадкаў.
 

Загадка №1.
Што за таямнічая пазнака
?

 «Аповесць мінулых гадоў» утрымлівае цікавую дэталь: Усяслаў Полацкі нарадзіўся з нейкай асаблівай паметкай на галаве. Летапісец называе яе словам «язвено».

 

Адны даследчыкі мяркуюць, што гаворка ідзе пра вялікую радзімку ці незвычайную асаблівасць скуры. Іншыя лічаць, што князь нарадзіўся ў так званай «сарочцы» - частцы плоднай абалонкі, якая засталася на галаве немаўляці. У сярэднявеччы такіх дзяцей часта лічылі адзначанымі лёсам, яны былі пад апекай вышэйшых сілаў.

 

Летапіс дадае яшчэ адну цікавую дэталь. Паводле яго, вешчуны параілі маці ахоўваць гэты знак, і наказаць Усяславу насіць яго ўсё жыццё.

Для чалавека XI стагоддзя гэта выглядала як відавочнае сведчанне асаблівага прызначэння.

Разгадка. Ён папросту быў выбітным.

На момант стварэння летапісу Усяслаў быў не проста полацкім князем, а легендарнай постаццю. Чалавекам, пра якога складалі паданні і якога называлі чараўніком. Падобныя легенды часта ўзнікаюць ужо пасля смерці вялікіх кіраўнікоў. Народ нібыта азіраецца назад і пачынае шукаць у іх дзяцінстве знакі будучай велічы.

Пазнака абранасці павінна была растлумачыць незвычайны лёс выбітнага кіраўніка. Летапісцы таксама любілі прыгожыя гісторыі пра вялікіх людзей.

Чытаць далей: Той, хто раскалоў імперыю

А мы скажам, што Усяслаў стаў вялікім князем не таму, што нарадзіўся з асаблівым знакам. Гэта легенда пра пазнаку з'явілася ў гісторыі таму, што Усяслаў быў выбітным уладаром і стаў легендай.

 
 

 

 

Загадка №2.
Хто прыдумаў вобраз ваўкалака?

Гэта самая вядомая легенда пра Усяслава Полацкага. І з'явілася яна толькі праз стагоддзе пасля яго смерці.

 

У «Слове пра паход Ігаравы» полацкі князь паўстае не проста кіраўніком і ваяром. Аўтар надзяляе яго амаль міфічнымі рысамі.

 

Уначы Усяслаў нібыта ператвараецца ў ваўка, імчыць праз землі ўсходніх славян, дасягае далёкай Тмутаракані на беразе Чорнага мора і нават чуе звон Сафійскага сабора ў Полацку, знаходзячыся за сотні кіламетраў ад роднага горада.

Ну проста Ян Баршчэўскі сярэднявечны :)

Разгадка. Ён папросту рухаўся хутчэй за навіны

Ніякага ваўкалака вядома ж не было.

Праўда ў тым, што Усяслаў Полацкі быў адным з самых актыўных і непрадказальных кіраўнікоў Усходняй Еўропы. У 1065 годзе ён нападзе на Пскоў. Узімку 1066–1067 гадоў раптоўным ударам захопіць Ноўгарад. Гэта толькі тое, што мы ведаем дакладна.

Для ворагаў ён быў чалавекам, які пастаянна з'яўляўся там, дзе яго не чакалі. Сёння ён пад Псковам. Заўтра пад Ноўгарадам. Потым ізноў у Полацку. Для сярэднявечнага чалавека, з вельмі павольным абаротам навінаў, такая рухавасць лёгка магла выглядаць звышнатуральнай.

Чытаць далей: Пра Вітаўта Вялікага таксама хадзілі легенды

А воўк для людзей таго часу быў знакам не толькі небяспекі. Гэта была істота, здольная хутка пераадольваць вялікія адлегласці, дзейнічаць нечакана і жыць паводле ўласных законаў.

Для нашчадкаў было прасцей распавесці пра веліч легендарнага кіраўніка мовай міфа, чым мовай гісторыі. Быў князь, які рухаўся хутчэй за навіны свайго часу, з'яўляўся там, дзе яго не чакалі, і пастаянна выслізгваў з рук ворагаў.

 
 

 

 Загадка №3. 
Чаму менавіта яго паставілі кіраваць Кіевам?

Перад намі адна з галоўных палітычных сенсацый XI стагоддзя.

У 1067 годзе пасля бітвы на Нямізе сыны Яраслава Мудрага запрасілі Усяслава Полацкага на перамовы. Яны гарантавалі бяспеку, пакляліся і пацалавалі крыж, далі слова, што князю нічога не пагражае. Але падманулі.

 

Усяслава разам з двума сынамі схапілі пад Воршай, этапавалі ў Кіеў і кінулі ў вязніцу. Для чалавека XI стагоддзя гэта быў не проста падман. Гэта было парушэнне свяшчэннай клятвы. 14 месяцаў беларускі князь правёў у зняволенні. Яго палітычная кар'ера выглядала на скончаную, галоўнае было выжыць.

 

Але ў верасні 1068 года адбываецца нешта неверагоднае. Пасля цяжкай паразы ад полаўцаў у Кіеве ўспыхвае паўстанне. Раз'юшаныя гараджане захопліваюць княскі двор, а потым кіруюцца да вязніцы.

І мала таго, што вызваляюць нашага Усяслава! Яны робяць яго сваім кіраўніком. Яго, учорашняга зацятага ворага, а не каго-небудзь з Яраслававічаў, ці якіх годных кіеўскіх людзей.

Разгадка. Ён папросту быў аўтарытэтам.

Хутчэй за ўсё, справа была ў славе Усяслава, у ягоным аўтарытэце. На той момант Усяслаў быў ужо адным з самых вядомых князёў Усходняй Еўропы, кіраўніком магутнага Полацка і паспяховым ваяром.

А жыхары Кіева шукалі чалавека, які здольны абараніць дзяржаву. Калі Кіеў апынуўся перад пагрозай полаўцаў, гараджанам быў патрэбны не законны спадчыннік, а моцны правадыр. Да таго ж яны лічылі арышт Усяслава здрадай і подласцю, бо клятва была парушана.

Дзе цягам 723 гадоў былі парэшткі Еўфрасінні Полацкай?

Але сам факт выбару гаворыць пра многае. Каб пасадзіць на трон чужынца, трэба было верыць, што ён здольны выратаваць дзяржаву.

Значыць, у 1068 годзе аўтарытэт полацкага князя быў настолькі вялікім, што яго прызнавалі далёка за межамі Полацкай зямлі.

   
 

 

 

Загадка №4.
Чаму Усяслаў не трымаўся за трон у Кіеве?

Гэта і насамрэч выглядае дзіўным. На той момант – гэта вяршыня ўлады ўсходніх славянаў. Здаецца, што кіеўскі трон павінен быць мэтай жыцця кожнага. Але пакіраваўшы 7 месяцаў, Усяслаў вярнуўся ў Полацак.

Чаму чалавек, які дасягнуў вяршыні ўлады, не стаў за яе трымацца?

Разгадка. Мэта - Полацак

Кіеў ніколі не быў для Усяслава прыярытэтам. Ім быў Полацак.

І барацьба з Яраславічамі была не спробай захапіць іх дзяржаву, а спосабам не дапусціць падпарадкавання сваёй.

Паходы на Пскоў і Ноўгарад, супрацьстаянне з Яраславічамі, складаная дыпламатычная гульня паміж братамі, нават кароткае княжанне ў Кіеве - усё гэта было не мэтай, а сродкам. Сродкам захаваць незалежнасць Полацкай зямлі. 

Чытаць больш: Як ратаваў нашу дзяржаву Жыгімонт Аўгуст

Пасля страты кіеўскага пасада Усяслаў не знік з палітыкі і не ператварыўся ў князя-уцекача. Ён вярнуўся ў Полацак, працягваў кіраваць сваёй дзяржавай і заставаўся яе кіраўніком яшчэ дзесяцігоддзі.

Кіеў быў для яго інструментам. Полацак быў мэтай.