ПАЛІТЫЧНАЯ ГІСТОРЫЯ
Так абіралі першага кіраўніка незалежнай Беларусі
Дата 18 верасня 1991 года, безумоўна, гістарычная для Беларусі. Беларусы ўпершыню ў найноўшай гісторыі, не фармальна, не па загадзе зверху, не па ўказанні Крамля, абралі кіраўніка сваёй дзяржавы. І першым кіраўніком незалежнай Беларусі стаў Станіслаў Шушкевіч.
/padzei/shush_4.jpg)
Станіслаў Шушкевіч на трыбуне беларускага парламента. Фота з www.svaboda.org
Гэта была яшчэ зусім іншая беларуская палітыка. Няма нават і месяца з таго дня, калі Беларусь здабыла незалежнасць і стала самастойнай дзяржавай. Прэзідэнцкай пасады не існавала, кіраўніка краіны выбіраў парламент - Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. На самую вышэйшую пасаду ў дзяржаве прэтэндавалі некалькі кандыдатаў. Ішла рэальная барацьба за галасы дэпутатаў, і для перамогі дэмакратычным сілам спатрэбіўся не адзін дзень.
Выбары прайшлі не з першай спробы. Яшчэ 9 верасня 1991 года на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета, менавіта так, у тыя часы афіцыйна называўся кіраўнік Беларусі, былі вылучаныя чатыры чалавекі:
• Станіслаў Шушкевіч, які на той момант ужо фактычна выконваў абавязкі старшыні парламента. Былы старшыня, камуніст, стаўленік Масквы Мікалай Дземянцей, пад ціскамі апазіцыі і народа, быў вымушаны падаць у адстаўку 25 жніўня 1991 года;
• Вячаслаў Кебіч, старшыня Савета міністраў, кіраўнік беларускага ўраду;
• дэмакратычны мэр Маладзечна Генадзь Карпенка;
• і ўплывовы дэпутат Апазіцыі БНФ Уладзімір Заблоцкі.
У першым туры Кебіч атрымаў 151 голас, за абранне Шушкевіча прагаласавалі 122 дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі. Але ў другім суадносіны змяніліся: за Кебіча прагаласавалі 140 дэпутатаў, за Шушкевіча — 157. Для неабходнай большасці, аднак, не хапіла чатырох галасоў.
Станіслава Шушкевіча, папулярнага навукоўца-фізіка, палітыка з безумоўна нацыянальнымі пазіцыямі, хоць ён і заставаўся фармальна сябрам камуністычнай партыі, падтрымлівала рэфармісцкая частка парламента - дэпутаты, якія звязвалі будучыню Беларусі з незалежнасцю, палітычнымі і эканамічнымі пераменамі, адкрыццём краіны на свет.
/padzei/shusha_3.jpg)
Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч. Фота з www.svaboda.org
За Вячаславам Кебічам стаяла значная частка старой наменклатуры - абласныя і раённыя кіраўнікі, дырэктары прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў, камуністы пры пасадах і рэгаліях. Многія з іх выступалі супраць рынкавых рэформаў і без асаблівага энтузіязму ставіліся да незалежнасці Беларусі. Абапіраючыся на іх падтрымку, Кебіч вёў уласную палітычную гульню. І 18 верасня раптоўна зняў сваю кандыдатуру і заклікаў прыхільных яму дэпутатаў падтрымаць Шушкевіча.
Сам Шушкевіч пазней успамінаў у кнізе «Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР», што ў той момант палічыў учынак свайго канкурэнта высакародным. Ён нават разважаў, ці не зняцца самому, бо лічыў тады Кебіча найлепшым сярод іншых магчымых кандыдатаў.
- Вячаслаў Францавіч - сумленны чалавек, - так, паводле сведчанняў дэпутата Сяргея Навумчыка ў кнізе «Дзевяноста першы», Шушкевіч адрэагаваў на рашэнне Кебіча. Пазней Шушкевіч радыкальна зменіць сваю ацэнку Кебіча — і як палітыка, і як чалавека.
Супраць Шушкевіча выставілі кандыдатам дэпутата Леаніда Козіка - у будучыні аднаго з прыкметных дзеячаў ужо лукашэнкаўскага палітычнага рэжыму. Што цікава: сам дэпутат Аляксандр Лукашэнка у тым супрацьстаянні выступаў на баку Шушкевіча.
Станіслаў Шушкевіч перамог і стаў першым кіраўніком незалежнай Беларусі. Ён кіраваў дзяржавай да 26 студзеня 1994 года.
Абранне Станіслава Шушкевіча лідарам Беларусі адбылося ў момант, калі Беларусь літаральна па гадзінах будавала падмурак сваёй дзяржаўнасці. 25 жніўня 1991 Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі была нададзеная сіла канстытуцыйнага закона.
А ўжо на наступны дзень пасля абрання Шушкевіча, 19 верасня 1991 года, парламент прыняў для нашай краіны назву «Рэспубліка Беларусь», а дзяржаўнымі сімваламі сталі герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг.
Рэдакцыя