ПОСТАЦІ
Сямдзянава Галіна
На гэтым фота ніжэй - 25 жніўня 1991 года. Надзвычай гарачыя дні ў найноўшай гісторыі Беларусі. У Вярхоўным Савеце вырашаецца лёс краіны.
На павестцы дня - беларуская Незалежнасць. Да трыбуны рвецца Анатоль Малафееў, першы сакратар ЦК КПБ, галоўны камуніст Беларусі таго часу, адзін з найбольш паслядоўных праціўнікаў самастойнасці краіны. Ён увасабляў сістэму, якая дзесяцігоддзямі трымалася на страху, падпарадкаванні, ідэалагічным кантролі і інфармацыйнай манаполіі.
Да такіх людзей не падыходзілі з пытаннямі. Ім саступалі дарогу.
Але на гэтым кадры перад Малафеевым стаіць беларуская жанчына. Яе імя — Галіна Сямдзянава. Яна не дапускае яго да мікрафона. І не дапусціць. Проста паказваючы: хопіць вашай хлусні. Гэтыя кадры трансляваліся ў жывым эфіры на ўсю Беларусь.

Гістарычны двубой. 25.08.1991 год. Анатоль Малафееў і Галіна Сямдзянава, СССР і Рэспубліка Беларусь, учора і заўтра. Фота з кнігі Сяргея Навучыка "Дзевяноста першы"
У той жа дзень дзейнасць Камуністычнай партыі Беларусі будзе прыпыненая, а дэпутаты нададуць Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона. Беларусь зробіць вырашальны крок да рэальнай незалежнасці.
Гэтая сцэна ля мікрафона засталася ў гісторыі не проста эпізодам парламенцкай хронікі Беларусі. Яна стала сімвалам канца эпохі, калі савецкі рэжым здаваўся непарушным і вечным. І ўвасабленнем гэтага моманту стала Галіна Сямдзянава (нар. 28 лютага 1947 – пам. 18 верасня 2011).
Але яшчэ за некалькі гадоў да гэтага мала хто мог уявіць, што адданая камуністка і дзяржаўная служачая з Наваградка стане адной з найбольш паслядоўных абаронцаў адноўленай беларускай дзяржавы.
Яна сама прызнавалася, што вочы на свет ёй адкрыла праўда пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі, кніга «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына, знаёмства з праўдзівай гісторыі Беларусі і асэнсаваная дзейнасць Беларускага Народнага Фронту. Пералом быў настолькі глыбокі, што былы чалавек сістэмы стаў яе прынцыповым крытыкам.
Галіна Сямдзянава на паседжанні Сойму БНФ, ліпень 1991 года. Фота Уладзіміра Кармілкіна. Міжнародны беларускі архіў.
У 1990 годзе Галіна Сямдзянава была абраная дэпутаткай Вярхоўнага Савета XII склікання - парламента, якому наканавана было аднавіць беларускую дзяржаўнасць.
У жніўні 1991 года яна стане ўдзельніцай адразу двух падзей, без якіх немагчыма ўявіць найноўшую гісторыю Беларусі. 24 жніўня 1991 года Сямдзянавай давераць унесці ў залу Вярхоўнага Савета нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг. На той момант ён яшчэ не дзяржаўны, і камуністычная парламенцкая большасць не дазволіць яго ў гэты дзень пакінуць на сцэне, але ход падзей ужо немагчыма будзе спыніць.

24 жніўня 1991 года, Вярхоўны Савет, Менск. Галіна Сямдзянава толькі што ўнесла ў залю паседжанняў нацыянальны бела-чырвона-белы беларускі сцяг. Менш чым праз месяц ён стане дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь. Фота svaboda.org
На наступны дзень яна стане ўдзельніцай драматычнага супрацьстаяння з Малафеевым ля парламенцкага мікрафона.
Сямдзянава працавала над Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, удзельнічала ў распрацоўцы канцэпцый эканамічных рэформ, уваходзіла ў камітэт па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але асаблівае месца ў яе дзейнасці займала пытанне абароны маладой беларускай дзяржавы.
У першыя гады незалежнасці яна асабіста займалася вяртаннем на радзіму беларусаў, якія служылі ў розных рэгіёнах Савецкага Саюза. Дзякуючы гэтай працы дадому вярнуліся амаль тысяча афіцэраў.
За кожным такім вяртаннем стаялі перамовы, бюракратычныя перашкоды, пошук жылля, працоўных месцаў, сацыяльных гарантый для сем'яў. Гэта была праца не толькі палітыка, адбывалася стварэнне нацыянальнага войска незалежнай Беларусі. Сямдзянава з калегамі падрыхтавала шаснаццаць законапраектаў, неабходных для фармавання беларускай сістэмы абароны, памежнай службы і вайсковай пракуратуры.
Яе здольнасці высока цанілі. Яна вылучалася выключнай працаздольнасцю, дакладнасцю і ўменнем весці перамовы, часта непублічныя. Лідар Апазіцыі БНФ Зянон Пазьняк адзначаў яе дысцыплінаванасць і тонкае разуменне настрояў палітычных апанентаў - якасці, без якіх цяжка было дамагацца вынікаў у парламенце, дзе апазіцыя знаходзілася ў меншасці, а многія важныя рашэнні трэба было прымаць тэрмінова.
Жанчына ў гісторыі. Алеся Умпіровіч-Фурс - гісторыя і біяграфія
У пачатку 1995 года Галіна Сямдзянава разам з калегамі з БНФ выступіць супраць расійскай вайны ў Чачні. У той час, калі многія ўспрымалі гэты канфлікт як унутраную справу Расіі, беларускія дэмакраты бачылі ў ім праяву адраджэння імперскай палітыкі.
Вось што яны заяўлялі больш 30 год таму:
«Вайсковая апэрацыя супраць цэлага народу, які ўжо перажыў расейскі генацыд і дэпартацыю, недапушчальная. Вайна супраць яго — ганебная для тых, хто яе распачаў».
І далей:
«Мы з трывогай назіраем, што сілы імперыялізму, агрэсіі і вайны, што ўзмацніліся ў Расеі, ствараюць пагрозу міру для народаў у самой Расеі і суседніх незалежных дзяржавах».
На двары быў далёкі 1995 год.
У тым жа годзе, у красавіку 19 дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі абвясцілі галадоўку супраць рэферэндуму, які задумаў Лукашэнка, каб пашырыць свае паўнамоцтвы, аслабіць пазіцыі беларускай мовы і аддаць частку суверэнітэту на карысць інтэграцыі з Расіяй.
Сямдзянава публічна выступіла ў падтрымку палітычнай галадоўкі:
«Я вельмі задаволеная, што ў гэтым парламенце зьявіліся ня толькі дэпутаты Вярхоўнага Савета, ня толькі апазыцыя, але і сапраўдныя мужчыны, якія вырашылі, што хоць такім чынам абараніць гонар дзяржавы».
Калі ёй стала вядома, што супраць галадоўнікаў уладамі будзе ўжытая фізічная сіла, яна вырашыла далучыцца да пратэсту. Але калегі ўсё ж адгаварылі яе.
Пачынаўся перыяд, калі палітычны рэжым у Беларусі ўсё менш цярпеў іншадумства. Сямдзянавай перакрылі дарогу ў новы парламент і яна паступова сыходзіць з публічнай палітыкі.
Аднак не адмаўляецца ад грамадскай дзейнасці. У 1996-1997 гадах працуе ў Сакратарыяце Вярхоўнага Савета XIII склікання, які працягваў працаваць, нягледзячы на амаль поўнае знішчэнне парламентарызму ў Беларусі.
Пазней яшчэ займала пасады намесніцы старшыні Партыі БНФ, узначальвала юрыдычную і рэвізійную камісіі партыі.
Нават у апошнія гады жыцця яна працягвала змагацца супраць фальсіфікацый выбараў, звярталася ў выбарчыя камісіі і дзяржаўныя органы са скаргамі на парушэнні заканадаўства, патрабавала прызнання несапраўднымі вынікаў палітычных кампаній, якія лічыла несправядлівымі.
У беларускай гісторыі Галіна Сямдзянава засталася не толькі дэпутаткай Апазіцыі БНФ. Яна адна з тых асобаў, дзякуючы якім Беларусь атрымала шанец быць незалежнай дзяржавай.
На гэтым відэа знакамітыя кадры, якія ўвайшлі ў беларускую гісторыю: