ПАЛІТЫЧНАЯ ГІСТОРЫЯ

больш артыкулаў

02-04-2026

Няма багоў, няма паноў. Так пачынал...

Былі ч...

прачытаць
21-05-2026

Гэтым нахабным жэстам пачалася Грун...

Здзекл...

прачытаць
26-03-2026

Хуткая помста. Дзёрзкасць гарадзенц...

У Пеця...

прачытаць
05-03-2026

Віхура, Шчодрадух, Квотарбэк - як ж...

Перабр...

прачытаць
19-05-2026

Беларуская Дэкларацыя Свабоды


“У цяперашняй сытуацыі мы ня маем іншых сродкаў..., апрача нашай рашучасьці, прагі свабоды й веры ў вольную маніфэстацыю і выражэньне чалавечае стваральнасьці”.

 У студзені 1998 года група беларускіх інтэлектуалаў звярнулася да беларусаў і свету з Беларускай Дэкларацыяй Свабоды - тэкстам, які сёння чытаецца і адчайна, і прароча.

Уражвае не толькі інтанацыя Дэкларацыі Свабоды, але і дакладнасць яе прадчуванняў. Ішоў толькі чацвёрты год улады Аляксандра Лукашэнкі, але для многіх усё ўжо было зразумела. Словы “дыктатура” і “таталітарызм” усё мацней вызначалі беларускую рэальнасць.

“...незалежная Беларусь набывала вядомасьць у сьвеце як краіна з дыктатарскім рэжымам у цэнтры Эўропы. На сёньня беларускае грамадзтва дасягнула моманту, калі канфармізм, калектыўнае рабства, таталітарная ідэалёгія й несвабода навязваюцца бальшыні ў якасьці ўсьвядомленага выбару дзеля выжываньня”, -  папярэджвала Дэкларацыя Свабоды.

На той момант ужо адбыўся ганебны нелегітымны рэферэндум па ліквідацыі нацыянальнай сімволікі. У турмах ужо былі першыя палітвязні. Ужо былі збітыя дэпутаты парламента. Ужо выйшлі белыя плямы на старонках адцэнзураваных цэнтральных газет. Ужо адбыліся масавыя пратэсты супраць здачы рэжымам незалежнасці. Ужо быў заменены на кішэнную “палатку” выбарны Вярхоўны Савет.

У гэтай атмасферы беларускія інтэлектуалы настойваюць на галоўным - СВАБОДЗЕ. Пішуць пра свабоду творчасці і думкі, нон-канфармізм, каштоўнасці еўрапейскай цывілізацыі:

„Скуты розум” спрабуе паставіць пад кантроль усе свабодныя інтэлектуальныя, культурныя і сацыльна-эканамічныя ініцыятывы.

Дэкларацыю Свабоды падпісалі людзі, якія ў канцы 90-х задавалі культурны і інтэлектуальны тон беларускай дзяржаве.

Сярод іх:

філосафы Алесь Анціпенка,
Ігар Бабкоў,
Уладзімір Конан,
Мікалай Крукоўскі;
пісьменнікі і паэты Васіль Быкаў,
Рыгор Барадулін,
Уладзімір Арлоў,
Сяргей Дубавец,
Алесь Разанаў,
акторы Аляксандр Гарцуеў,
Віктар Манаеў,
перакладчыкі Васіль Сёмуха,
Карлас Шэрман,
мастакі Алесь Марачкін,
Артур Клінаў,
Зіновій Марголін;
культуролаг Уладзімір Мацкевіч;
рэжысёр Віктар Дашук,
мастацтвазнаўца Вячаслаў Іваноўскі,
кампазітар Віктар Капыцька,
дырыжор Ігар Мацюхоў,
оперны спявак Віктар Скарабагатаў.

Беларускую Дэкларацыю Свабоды апублікавалі ў незалежным інтэлектуальным часопісе «Фрагмэнты» - адным з цікавых асяродкаў беларускага незалежніцкага мыслення 1990-х - у нумары за студзень 1998 года.

Беларускую ініцыятыву падхапіла і падтрымала знакамітая парыжская “Kultura” – ці не самы ўплывовы голас польскай эміграцыі ў часы камуністычнай дыктатуры. Часопісам кіраваў ураджэнец Менску Ежы Гедройць.

“Я салідарызуюся з Беларускай Дэкларацыяй Свабоды, - скажа Гедройць, - і падпісваю яе ад імя рэдакцыі “Kultury”, а таксама заклікаю падпісаць яе ўсіх, хто разумее значэнне незалежнай Беларусі для Еўропы і польскай справы”.



Часопіс "Kultura" з тэкстам Беларускай Дэкларацыі Свабоды.

За кароткі час Беларускую Дэкларацыю Свабоды падпісалі дзясяткі прадстаўнікоў польскай і ўкраінскай культуры. Сярод іх тагачасныя нобелеўскія лаўрэаты - Чэслаў Мілаш, Анджэй Вайда, Віслава Шымборска, будучая нобелеўская лаўрэатка з літаратуры Вольга Такарчук, украінская пісьменніца Аксана Забужка.

Беларуская Дэкларацыя Свабоды не ўзнікла з нічога. Усё ХХ стагоддзе і да сённяшніх дзён публічныя звароты былі і ёсць формай супраціву беларусаў беззаконню і несправядлівасці. Яны не змянялі сітуацыю, але ламалі цішыню страху.