ПОСТАЦІ

больш артыкулаў

02-06-2026

Гажыч "Дубрава" Вітольд

У Лідс...

прачытаць
15-04-2026

Агінскі Міхал Казімір

Гетман...

прачытаць
19-05-2026

Гедройць Ежы

Народж...

прачытаць
03-03-2026

Умпіровіч (Фурс) Алеся

Стаяла...

прачытаць
18-04-2026

Руцкі Язэп Вельямін

Язэп Вельямін Руцкі - адна з найвыбітнейшых постацяў хрысціянства ў Беларусі.

Галоўны іерарх грэка-каталіцкай царквы ў 1613-1637 гадах, мітрапаліт Кіеўскі, аўтар багаслоўскіх твораў. Першыя масавыя школы, дзе навучаліся па-беларуску - заслуга Руцкага.

Заснавальнік Ордэна Базыльянаў, вакол якога аб’ядноўваліся беларускія цэрквы. Ужо ў 1648 годзе толькі на тэрыторыях Беларусі ордэн меў 39 манастыроў і больш 200 манахаў.

Будучы рэлігійны дзеяч нарадзіўся у 1574 годзе ў маёнтку Рута (адсюль і Руцкі) блізу Карэліч. Побач Загор'я - радзімы яшчэ аднаго знакамітага беларуса - Янкі Брыля.

Пры нараджэнні атрымаў імя Ян Вельямін. Бацькі былі пратэстантамі-кальвіністамі, першую навуку сын засвойваў у кальвінскай школу ў Наваградку альбо Нясвіжы.

Яго сапраўднай alma-mater становіцца адзін з найстарэйшых універсітэтаў свету - Карлаў універсітэт у Празе, куды юнак трапляе ў 16-год. Менавіта тут Руцкі абірае свой шлях на святарства.

Вучыцца ў аўстрыйскім Грацы,  нямецкім Вюрцбургу, у Рыме, дзе пасля размовы з Папам рымскім, прымае рашэнне хрысціцца ў грэка-каталіцызм і вярнуцца ў Беларусь, каб разбудоўваць царкву на Радзіме.

Навучанне ў Еўропе дае яму, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і мовы. Акрамя роднай беларускай, Руцкі дасканала размаўляе на польскай, украінскай, піша на лаціне, нямецкай, італійскай.

Ён пакіне пасля сябе багатую пісьмовую спадчыну, у якой аддана бароніць ідэі хрысціянскай еднасці ў Беларусі.

У 1605 годзе Руцкі выдае «Развагі аднаго русіна пра ўпарадкаванне кіравання ў грэцкім абрадзе, напісаныя ў Вільні ў студзені 1605 года» («Discursus Rutheni cuiusdam de corrigendo regimine in ritu Graeco, conscriptus Vilnae anno 1605 in Januario».)

Сам, чалавек адукаваны, Руцкі ведае, што без развіцця сістэмы адукацыі, і да таго ж, адукацыі нацянальнай - дзяржава не мае будучыні. Найперш у Вільні, за ўласныя сродкі ён адчыняе і ўтрымлівае школу.

 - Нашыя няшчасці ідуць з дзвюх прычын: першая - гэта недахоп адукацыі ў нашых правадыроў, а другая - недахоп дасканаласці і святасці жыцця, - пераконвае Руцкі ў сваіх "Развагах аднаго русіна..."

Калі здабывае аўтарытэт і ўплыў, пашырае сетку ўніяцкіх школ у Беларусі, дамагаецца прызнання іх статусу нароўні з езуіцкімі навучальнымі ўстановамі, якія на той час лічыліся вельмі прэстыжнымі.

Самыя знакамітыя ўніяцкія школы таго часу - у Менску, Барунах, Жыровічах, Наваградку. Лічыцца, што ў Беларусі ў гэтых школах вучыліся, вялікая, як на часы сярэднявечча, колькасць - не менш 500 вучняў.

Руцкі выдатна адчуваў недахоп дасведчанай прафесуры, таму быў рашучым прыхільнікам запрашэння ў школы Беларусі і Украіны еўрапейскіх выкладчыкаў:

 - Мы бы вучылі іх нашай мове і нашым абрадам, а яны навучалі б нас тым навукам, якія нам найбольш патрэбныя, - верыў Руцкі.

У 1603 годзе Руцкі ўжо рэктар Віленскай уніяцкай семінарыі. Вільня на той момант была сталіцай уніяцкага свету. Ён працуе над рэформамі адукацыі і выхавання. Заклікае не быць правінцыйнымі, а пераймаць досвед замежных адукацыйных установаў і ствараць магчымасці для атрымання добрай адукацыі ў межах Вялікага Княства Літоўскага, рэфармуючы свае адукацыйныя ўстановы.

Засноўвае ў Менску тэалагічную школу. Едзе ў Маскву, пераконвае тамтых цароў накіроўваць маскоўскіх юнакоў навучацца ў Вялікае княства.

У 1608 годзе Ян Вельямін Руцкі стрыжэцца ў манахі і бярэ сабе імя Язэп. Засноўвае і разбудоўвае манастыры ў Быцені, Жыровічах, Наваградку. 21 ліпеня 1608 года кароль Рэчы Паспалітай прызначае яго галоўным уніяцкім іерархам на нашай зямлі. Рашэнне яшчэ мае зацвердзіць Папа рымскі, але ў нашым выпадку гэта фармальнасць.

8 жніўня 1613 года ўраджэнец Наваградчыны становіцца кіраўніком Кіеўскай уніяцкай мітраполіі, якая аб'ядноўвае ўсіх уніятаў Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, а Папа рымскі не паддаецца на зайздросныя позіркі атачэння і прызначае беларуса яшчэ і асістэнтам папскага трону.

Пры Руцкім Уніяцкая Царква адназначна ўмацавалася і пачала імкліва развівацца. Руцкі з усіх сілаў намагаецца ўтрымаць незалежнасць грэка-каталікоў ад уплываў каталіцкіх і праваслаўных духоўных ідэолагаў. І яму гэта ўдаецца.

У 1617 годзе аб'яднаннем пяці беларускіх манастыроў Язэп Руцкі акрэсліў фармат будучага Ордэна базыльянаў, і ўжо 20 жніўня 1631 года Папа рымскі Урбан VIIІ сваёй булай Exponi nobis зацвярджае гэтую эпахальную падзею ў гісторыі беларускага хрысціянства.

Язэп Вельямін Руцкі з 1623 года разбіты паралюшам, не функцыянуе левы бок цела. Але святар працягвае няспынна адведваць прыход за прыходам, верніка за вернікам, святара за святаром.

Буду жыць столькі, колькі мне Бог прызначыў. Ад свайго ладу жыцця не адмоўлюся, - няспынна паўтарае ён свайму атачэнню.

У 1626 годзе Руцкі праводзіць у Кобрыне першы сабор Уніяцкай царквы нашага рэгіёну, рашэннямі якога царква будзе жыць наступныя амаль сто год.

Беларускі іерарх памірае заўчасна 5 лютага 1637 годзе ў манастыры ў Дэрмані на Валыні. Увесну дамавіну з яго целам урачыста вязуць у Вільню. На шляху працэсія спыняецца ва ўсіх больш-менш буйных гарадах, найдаўжэй у Менску, дзе беларусы развітваюцца з святаром цягам 15 дзён.

У Вільні Руцкі спачне ў Святатраецкім манастыры ля Вострай Брамы. Памінальную службу правядуць супольна праваслаўныя і каталіцкія духоўныя.

Месца пахавання Язэпа Вельяміна Руцкага на гады стане аб’ектам пашаны і паломніцтва жыхароў Вялікага Княства.

Ведаючы гэта, маскоўскія войскі, захапіўшы ў 1655 годзе Вільню, ці не першае што робяць, уночы выкопваюць труну з парэшткамі беларускага святара і вывозяць на тэрыторыю Расеі. Далейшы лёс праха ўніяцкага святара дагэтуль невядомы. 

Ва Украіне імем знакамітага беларускага святара і багаслова Язэпа Руцкага названы "Василіанський інститут філософсько-богословських студій".