ПОСТАЦІ

больш артыкулаў

19-07-2026

Вітан-Дубейкаўскі Лявон

Эпітаф...

прачытаць
11-06-2026

Сямдзянава Галіна

Яна зм...

прачытаць
14-05-2026

Ржэўскі Браніслаў

У зняв...

прачытаць
02-06-2026

Гажыч "Дубрава" Вітольд

У Лідс...

прачытаць
20-07-2026

Марцінчык Мікалай

Калі 29 жніўня 1948 года супрацоўнікі МГБ прыйшлі арыштоўваць Мікалая Марцінчыка, яны ведалі, што забіраюць аднаго з найлепшых педыятраў Гродна - чалавека, якога добра ведалі сотні гараджан, паважалі калегі, цаніла медыцынскае начальства.

Facebook "Карона Вітаўта" - падпішыся!

Падчас Другой сусветнай вайны ён ратаваў параненых савецкіх вайскоўцаў. Пасля вайны аднаўляў гарадскую медыцыну, кіраваў інфекцыйным шпіталем, выкладаў фармакалогію ў фармацэўтычнай школе, працаваў педыятрам у абласной паліклініцы, а таксама лекарам санітарнай авіяцыі. 

Папулярнага лекара абвясцілі «агентам нацыянал-фашызму» і, натуральна, «беларускім нацыяналістам». Савецкія следчыя дасталі з архіваў падзеі дваццацігадовай даўнасці, калі Марцінчык быў адным з найбольш актыўных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху міжваеннай Заходняй Беларусі.

Быў актыўным беларусам. І гэтага хапіла. Пастановай Асобнай нарады пры Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі 12 сакавіка 1949 года яму «выпісалі» 10 гадоў карнай калоніі.

Прачытаць: ХХ стагоддзе. Беларусь, якая не маўчала

У Марцінчыкаў канфіскавалі ўсю маёмасць. Пакінулі толькі стол, два крэслы і ложак, на якім сядзела старая маці арыштаванага. Адбываць  пакаранне беларускага лекара этапавалі ў Варкуту 

Для савецкай дзяржавы ён быў небяспечным беларусам. Для польскай - таксама.

За дваццаць гадоў да савецкіх рэпрэсій Марцінчыка ўжо арыштоўвала польская паліцыя. Ён прайшоў праз турму на Лукішках, паліцэйскі нагляд, пераслед і прымусовую высылку з Вільні.

Імя Мікалая Марцінчыка сёння падзабытае. Між тым у 1920-1930-я гады ён быў добра вядомы ў Вільні, Беластоку, Гродне, Палесся і дзясятках гарадоў і мястэчак Заходняй Беларусі.

 

Марцінчык належаў да беларускага пакалення, якое пасля ганебнага падзелу Беларусі ў 1921 годзе працягвала будаваць яе па абодва бакі новай мяжы. Турмы, пераслед і палітычны ціск не спынялі гэтай працы: неабыякавыя актывісты адкрывалі школы, выпускалі газеты, арганізоўвалі гурткі, падтрымлівалі бібліятэкі, дапамагалі моладзі атрымаць адукацыю.

 

Вялікая частка гэтай працы ў Заходняй Беларусі трымалася на Марцінчыку.

 

Бежанец, студэнт, лекар, адукатар, змагар

Мікалай Марцінчык нарадзіўся 16 снежня 1901 года ў сялянскай сям'і ў вёсцы Кубельнікі Гродзенскага павета. Калі пачалася Першая сусветная вайна, сям'я, як і сотні тысяч іншых беларускіх сем'яў, апынулася ў бежанстве. Некалькі гадоў яны правялі ў Расіі. Малады Марцінчык вучыўся пад татарскай Казанню, а пасля вяртання працягнуў адукацыю ўжо ў Гродне, дзе і далучыўся да беларускага руху.

У 1921 годзе Марцінчык паступіў на медыцынскі факультэт Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Студэнцтва стала для яго ўваходам у актыўнае беларускае жыццё.

Вільня была галоўным інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. Тут фармавалася новая беларуская інтэлігенцыя, нараджаліся грамадскія ініцыятывы, вялася палітычная і культурніцкая праца. Марцінчык вельмі хутка стаў адным з яе найбольш актыўных прадстаўнікоў.

Яшчэ студэнтам ён узначаліў Беларускі студэнцкі саюз, рэдагаваў часопіс «Студэнцкая думка», супрацоўнічаў з беларускімі газетамі, удзельнічаў у працы Беларускага нацыянальнага камітэта, дапамагаў Беларускаму таварыству дапамогі пацярпелым ад вайны.

 

Пра Марцінчыка добра сведчыць і такі факт. З уласнага лекарскага заробку ён неаднаразова аплачваў усе выдаткі, звязаныя з канцэртамі славутага беларускага тэнара Міколы Забэйды-Суміцкага.

 

У 1921-1938 гадах Марцінчык каардынаваў дзейнасць беларускіх партый і арганізацый, падтрымліваючы шчыльныя кантакты з беларускімі палітыкамі, дэпутатамі польскага сейма і сената. У 1925 годзе, яшчэ студэнтам, стаў адным з заснавальнікам і лідараў партыі Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада, якую ўвёў у польскі парламент. Сяброўскі партыйны білет Марцінчыка быў за нумарам 5. 

Сёння назва Таварыства беларускай школы здаецца маламоўнай. На самой справе гэта была адна з найважнейшых беларускіх арганізацый міжваеннага часу, якая аб'ядноўвала сотні тысяч людзей. Марцінчык быў адным з яе лідараў, сябрам Галоўнай управы ТБШ.

ТБШ. Што ведаем пра беларусаў, якім школа замяніла дзяржаву

У Заходняй Беларусі, пасля 1926 году асабліва, польская ўлада паслядоўна звужала сферу афіцыйнага ўжывання беларускай мовы і імкнулася падпарадкаваць асіміляцыйнай палітыцы беларускую адукацыю. Адкрыццё кожнай новай беларускай школы патрабавала дзясяткаў хадайніцтваў, сустрэч, збораў подпісаў і доўгай барацьбы з чыноўнікамі. І Марцінчык апынуўся ў самым цэнтры гэтай барацьбы.

Ён ездзіў па беларускіх вёсках, сустракаўся з сялянамі, дапамагаў рыхтаваць дакументы, падтрымліваў людзей, якія патрабавалі адкрыць беларускія школы для сваіх дзяцей.

 

У Беларускай гімназіі ў Вільні Мікалай Марцінчык выкладаў анатомію і хімію. Публічная дамена

 

У нейкі момант Марцінчык паддаўся савецкай бальшавіцкай прапагандзе і пачаў сімпатызаваць камуністычнай партыі. Аднак, прыйдзе час, і тая ў сваю чаргу назаве яго «агентам польскай паліцыі», які імкнецца звесці ТБШ са «шляху нацыянальна-вызваленчай барацьбы» і падпарадкаваць Таварыства «беларускаму нацыянал-фашызму».

Гэтымі савецкімі абвінавачваннямі скарысталіся і польскія ўлады і ў 1932 годзе выслалі Марцінчыка з Вільні як «нядобранадзейнага» без права вяртання.

Марцінчык працягнуў лекарскую практыку на Ваўкавышчыне, у падбеластоцкай Нараўцы і Белавежы, дзе яго і застала Другая сусветная вайна. Пад апекай Марцінчыка апынуліся 150 параненых савецкіх салдат.

На кароткі час яго арыштавалі таксама і нацысты, аднак дазволілі працягваць працу лекарам.

Пасля вайны Марцінчык вярнуўся ў Гродна, дзе яму давялося змагацца не толькі за жыццё сваіх пацыентаў, але і за ўласнае жыццё ў савецкіх турмах.

 

Вызваленне, рэабілітацыя, цкаванне

Праз два гады пасля смерці Сталіна Марцінчык быў датэрмінова вызвалены з карнай калоніі – 31 кастрычніка 1955 года. У канцы 1956 года ён дамогся адмены незаконнага прысуду і спынення справы «за отсутствием состава преступления». Але органы працягвалі цкаваць яго да канца жыцця.

Мікалай Марцінчык памёр 23 траўня 1980 года. Пахаваны на могілках вёскі Алекшыцы, што на паўдарозе паміж Гроднам і Ваўкавыскам.

Чытаць: Што давялося перажыць земляку Марцінчыка