ПОСТАЦІ

больш артыкулаў

02-06-2026

Гажыч "Дубрава" Вітольд

У Лідс...

прачытаць
15-04-2026

Агінскі Міхал Казімір

Гетман...

прачытаць
19-05-2026

Гедройць Ежы

Народж...

прачытаць
03-03-2026

Умпіровіч (Фурс) Алеся

Стаяла...

прачытаць
14-05-2026

Ржэўскі Браніслаў

За Беларусь савецкія пракуроры і суддзі далі яму сем гадоў лагераў. Яго баранілі сяляне з баранавіцкай вёскі, а снабісцкая, напалоханая гарадзенская інтэлігенцыя раптам перастала яго пазнаваць.

Час сляпой веры

Браніслаў Ржэўскі быў чалавекам савецкай эпохі і доўгі час шчыра верыў у сістэму. Адданы камуніст, ён верыў у «ворагаў народа», прымаў без сумневу ўсё, што адбывалася вакол: “ни одно явление советской действительности не вызывало у меня сомнений и колебаний”. Толькі пасля смерці Сталіна і развянчання “культу асобы” для яго пачала адкрывацца праўда пра маштабны дзяржаўны гвалт.

Нарадзіўся Ржэўскі ў 1905 годзе на Барысаўшчыне. У міжваенныя гады настаўнічаў на Гомельшчыне, скончыў Магілёўскі педагагічны. Пасля верасня 1939-га быў накіраваны ў Баранавічы - у Заходнюю Беларусь, дзе пасля сталінска-гітлераўскага пакта і падзелу Еўропы нацыстамі і камуністамі, савецкая ўлада тэрмінова шукала кадры для школ і дзяржаўных устаноў.

Падчас Другой сусветнай вайны, ужо пад нямецкай акупацыяй, Ржэўскі актыўнічае ў антынацысцкім падполлі: ягоная група «Барыс» узрывае варожыя эшалоны на менскім напрамку. Калі становіцца небяспечна, збірае сям'ю і ідзе ў партызаны. У Налібоцкай пушчы выдае беларускамоўную партызанскую газету “Перамога”.

Пасля вайны застаецца ў Баранавічах выкладаць у педагагічным інстытуце і адначасова працуе над кандыдацкай дысертацыяй па філалогіі - “Вобраз станоўчага героя ў творчасці Максіма Танка”.

З 1955 года яго жыццё ўжо назаўсёды звязанае з Гродна.

Сем гадоў за мову

Пачалася рэабілітацыя ахвяр масавых рэпрэсій, Ржэўскі дазнаецца пра лёсы рэпрэсаванай беларускай інтэлігенцыі і палітычных дзеячаў, яго ўсё больш хвалюе лёс беларускай мовы і культуры. Дома ён часта прымае студэнтаў-завочнікаў, якія давяраюцца ўлюбёнаму выкладчыку і распавядаюць пра закрыццё беларускіх школ у правінцыі, русіфікацыю навучання.

Пазней Ржэўскі дакладна акрэсліць з чым ён не можа пагадзіцца: з сістэматычным выцісканнем беларускай мовы з дзяржаўнага апарату, яна фактычна страціла статус дзяржаўнай.

Ржэўскі наўна паверыў у змены, у нацыянальную палітыку камуністаў, у «адлігу», якая запанавала ў СССР з прыходам да улады Мікіты Хрушчова.

Выкладчык вырашае адкрыта выступіць супраць русіфікацыі і палітычных рэпрэсій. Ён піша лісты ў Акадэмію навук Беларусі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, беларускі музей беларускага паэта Янкі Купалы, у рэдакцыю беларускай газеты “Літаратуры і мастацтва”. Да зваротаў далучае ўласныя вершы “Аб помніку Янку Купалу”, альбо перароблены купалаўскі “Табе, правадыр”, называе Сталіна жываглотам, забойцам, Неронам і Чынгісханам.

Арыштавалі Ржэўскага 16 студзеня 1957 года ў Гродне - проста ў калідоры старога ўніверсітэцкага корпуса. Выкладчык у гуморы выйшаў з лекцыі – студэнты былі надзвычай цікаўнымі і актыўнымі. Гэтай жа датай рэктар Маркоўскі звольніць яго з універсітэта з фармулёўкай «у сувязі арыштам».

Працоўная кніжка Браніслава Ржэўскага з запісам "освобождён от работы... в связи с арестом".

А ўжо 25 сакавіка, доўга не цягнулі, суд выдасць яму вырак - сем гадоў лагераў у расейскай Мардовіі ды пасля яшчэ пяць гадоў паражэння ў правах. Асудзілі выкладчыка паводле аднаго з самым папулярных палітычных артыкулаў таго часу:

за „прапаганду ці агітацыю, якія ўтрымліваюць заклік да звяржэння, падрыву ці аслаблення савецкай улады, ці да з­дзяйснення контррэвалюцыйных злачынстваў, а таксама распаўсюд, ці выраб, ці захаванне літаратуры таго самага зместу”.

1957 год увогуле стаў часам новай хвалі рэпрэсій. Пасля вянгерскіх падзеяў 1956-га Хрушчоў сур’ёзна баяўся любых праяваў іншадумства, і спецслужбы пачалі “зачыстку” грамадскай прасторы. Толькі ў Беларусі за “антысавецкую дзейнасць” у той год былі пакараныя не менш за 65 чалавек.

Падчас ператрусу дома ў Ржэўскага на вуліцы Цаглянай у Гродне гэбісты забіраюць рукапісы вершаў, беларускія “антысавецкія” выданні Янкі Станкевіча, Альбіна Стаповіча, Янкі Шутовіча, а таксама падшыўкі часопіса “Калосьсе” за 1937-1939 гады.

Але самае неверагоднае адбылося пазней. У жніўні 1957 года 141 жыхар вёскі Скарчава Баранавіцкага раёна і яшчэ сем чалавек з Баранавічаў падпісваюць калектыўны зварот у Пракуратуру СССР у абарону палітычназняволенага Браніслава Ржэўскага. Сяляне прыгадваюць пракурорам партызанскія подзвігі Ржэўскага, а, менавіта ў Скарчава сям'я Ржэўскага жыла ў часе Другой сусветнай. Сяляне не пабаяліся заступіцца за чалавека, якога савецкая дзяржава ўжо абвясціла “ворагам”.

А вось так беларусы баранілі сваіх усё ХХ стагоддзе!


Мардоўскія лісты

Ржэўскага этапавалі ў мардоўскія лагеры. 19 жніўня 1957 года, у дзень нараджэння дачкі Гені, ён піша:

«… Лежачы хворым і абсалютна адзінокім перад маімі вачыма прайшло маё і ўсіх Вас жыццё ва ўсіх драбніцах радасцей і перажытага Гора…»

Дачцы Генрыеце Браніслаў Ржэўскі з лагера ў Мардовіі піша часта і шмат. У гэтым лісце ад 19 жніўня 1957 году ён таксама дашле ёй верш.

Ржэўскі дасылае дачцы з лагера просценькае, рыфмаванае віншаванне - “невялічкую баладу, аблітую маімі слязьмі”:

“…Я сёння ў горы, у крыўдзе вялікай,
закінуты ў пушчы мардоўскай зямлі,
дачушка, чакаю ратунку, збаўлення,
з чароўнай кашулькі мне шчасце прыйшлі…»

Але Ржэўскі не зламаны, як тое можа падасца, чытаючы ягоныя лісты. У зняволенні, нават калі многія абіралі маўчаць, Ржэўскі працягвае змагацца: піша скаргі і лісты пра становішча беларускай мовы. Гэта не яго асабістая спрэчка з уладай, а сістэмная праблема прыцяснення беларускай мовы ў Беларусі, якое ён патрабуе спыніць.

«…Я прошу Вас, разъясните мне, в силу каких реальных законов (кем и когда изданных) белорусский язык в Беларуси оказался изгнанным из партийных и советских органов и заменен русским языком (тогда как русский язык является в СССР для союзных республик только языком интернациональных связей)? Почему суды в Беларуси защиту мною известных партийных решений по вопросу о языках нацменьшинств в союзных республиках квалифицируют контрреволюционными действиями и социально опасными?..» - піша ён міністарцы культуры СССР. Зварот застаецца без адказу.

Ржэўскаму скароцяць тэрмін да чатырох год. Магчыма дапамагла заступніцтва баранавіцкіх партызан і скарчаўскіх сялян.

Вяртанне ў беларускую цішыню

Ён вяртаецца ў Гродна да сям'і, атрымлівае забарону на прафесію, грамадскае забыццё, памірае заўчасна ў 1980 годзе.

Пасля вызвалення Ржэўскі паспрабаваў вярнуцца ў літаратурнае жыццё. У свой час, адразу пасля вайны, ён быў на «ты» з Уладзімірам Калеснікам, Янкам Брылём. Ён прапаноўваў сваю літаратурную крытыку ў часопіс “Полымя”, але там яму тактоўна далі зразумець: друкавацца не зможа. Для былога палітвязня дарога ў афіцыйную беларускую літаратуру засталася закрытай.

Чалавеку таварыскаму, яму, вядома, будзе цяжка бачыць, як дыстансуецца ад яго гарадзенская інтэлігенцыя. Цяпер ў яго дома будуць час ад часу бываць філолаг, будучы прафесар, Аляксей Пяткевіч, матэматык Сільвановіч, настаўнік з Мастоўшчыны Алесь Белакоз, аднойчы завітае з каньяком загадчык кафедры беларускай літаратуры БДУ Міхась Ларчанка.

Ужо напрыканцы савецкай эпохі паэт Генадзь Бураўкін, які ў 1990 годзе ўзначальваў беларускае радыё і тэлебачанне, спрабаваў дамагчыся ад Генеральнай пракуратуры СССР перадачы матэрыялаў справы Ржэўскага . Бураўкін хацеў зняць фільм пра рэпрэсаванага выкладчыка з Гродна. Невядома ці ўдалося вырваць дакуманты. Савецкая імпервыя дажывала апошнія месяцы, а сам Бураўкін неўзабаве з’ехаў у Нью-Ёрк прадстаўляць адроджаную Беларусь у ААН.