ПОСТАЦІ
Гажыч "Дубрава" Вітольд
У Лідскай турме Вітольд Гажыч адмаўляў усё: у Паўстанні не ўдзельнічаў, ніякага Каліноўскага не ведаю, падпольная друкарня? першы раз чую. На пытанні пра Нацыянальны ўрад каліноўцаў адказваў здзіўленым смехам.
Допыты ішлі адзін за адным. Расейскія жандары не верылі ніводнаму ягонаму слову. Следства зацягвалася.
І тады яны выклікалі капітана Чортава…
Пра "чортавы" метады шмат расказвалі збітыя і акрываўленыя паўстанцы лідскай вязніцы. Гэтага прозвішча было дастаткова, каб у вязняў апускаліся рукі.
Прайшло яшчэ два месяцы. Усё, чаго здолеў дамагчыся Чортаў - адно прызнанне. Вітольд Гажыч сапраўды быў камісарам паўстанцкага ўрада ў Лідскім павеце.
Так пачыналася апошняя старонка жыцця аднаго з самых цікавых беларускіх лёсаў Паўстання 1863 года…
…Вітольд Гажыч нарадзіўся ў 1841 годзе ў маёнтку Сегеноўшчына на Берасцейшчыне. Маёнтак стаяў на старым тракце паміж Берасцем і Высокім Літоўскім. Бацька, Юрый Гажыч, быў чалавекам уплывовым і паважаным, шмат гадоў займаў пасаду маршалка шляхты Берасцейскага павета, належаў да мясцовай праваслаўнай эліты.
Для сына ён хацеў спакойную і забяспечаную будучыню.
Вітольд скончыў рэальную школу ў Варшаве і паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Абраў камяральнае аддзяленне, дзе рыхтавалі будучых дзяржаўных чыноўнікаў, вывучаў эканоміку, фінансы і дзяржаўнае кіраванне. Здавалася, жыццё складваецца менавіта так, як і хацеў бацька.
Але ў 1860-я гады ў Расейскай імперыі заставацца ў баку ад грамадскага жыцця было амаль немагчыма.
Студэнты гучна гаварылі пра свабоду народаў, пра права на ўласную дзяржаву, пра будучыню краю. Менавіта ў Пецярбургу ён пазнаёміўся з Віктарам і Кастусём Каліноўскімі. У студэнцкіх пакоях і на канспірацыйных сустрэчах абмяркоўвалася права і магчымасць народаў Рэчы Паспалітай вярнуць сабе свабоду.
Але неўзабаве бацька забірае сына з Пецярбурга.
Афіцыйна - праз благое здароўе і сыры балтыйскі клімат. Але сапраўдная прычына магла быць іншай. Сталіцу імперыі страсалі студэнцкія выступленні. Сотні маладых людзей прайшлі праз арышты і турмы. Бацька проста ратаваў сына.
І вывез яго падалей у Еўропу - Вітольд апынуўся ў Парыжы. У Сарбоне перад ім адкрывалася будучыня, пра якую многія маглі толькі марыць. Але ў студзені 1863 года прыйшла навіна пра Паўстанне.
І Гажыч імгненна прымае рашэнне вяртацца дадому. На шалях быў лёс краю.
Паўстанцкае кіраўніцтва прызначыла яго камісарам Нацыянальнага ўрада ў Лідскім павеце. У Ліду ён прыбыў пад канспірацыйным псеўданімам «Дубрава» і з дакументам, які пацвярджаў ягоныя паўнамоцтвы.
Лідчына тады была адным з самых баявых куткоў Беларусі. Адчувалася блізкасць да Вільні - галоўнага цэнтра Паўстання. Калі многія беларускія рэгіёны яшчэ толькі рыхтаваліся да барацьбы, лідскі атрад Людвіка Нарбута ўжо ўступіў у бой з расейскімі войскамі.
З гістарычнай Лідчынай былі звязаныя і найбліжэйшыя паплечнікі Каліноўскага - Валер Урублеўскі, Цітус Далеўскі з братамі Францішкам, Аляксандрам і Кастусём. Мясцовыя святары зачытвалі паўстанцкі маніфест у храмах і самі ішлі ў лес разам з паўстанцамі, як, напрыклад, ксёндз з Эйшышак Стэфан Гарбачэўскі.
Абавязкамі Вітольда “Дубравы” Гажыча былі пошук грошай на зброю і харчаванне паўстанцаў, арганізацыя сувязі паміж цывільнай і вайсковай уладай, прызначэнне мясцовых кіраўнікоў і вырашэнне канфліктаў.
Менавіта ад яго залежала, ці будуць паўстанцкія атрады мець хлеб, порах і сувязь паміж сабой. А ў траўні 1863 года з краю выязджае начальнік Лідскага павета Канстанцін Геншаль, і менавіта Гажычу давялося ўзяць на сябе кіраўніцтва ўсёй цывільнай адміністрацыяй паўстання ў рэгіёне.
У гэты самы час расейскія ўлады пачалі сцягваць дадатковыя войскі. Арышты паўстанцаў ішлі адзін за адным. Улетку нехта выдаў «Дубраву». На яго пачалося сапраўднае паляванне.
Напрыканцы ліпеня Вітольд яшчэ спрабаваў атрымаць падтрымку ў Вільні, але вярнуўся ні з чым.
Некаторы час хаваўся ў доме свайго сваяка Будкевіча. Аднойчы раніцай дом атачылі расейскія салдаты.
Уцячы ўжо не было магчымасці. У яго заставаліся лічаныя хвіліны. Гажыч зразумеў, што дакументы пры ім могуць прывесці да арышту дзясяткаў людзей. Ён парваў іх і проста з'еў. Разам з тымі паперамі зніклі імёны людзей, якіх ён не хацеў выдаваць.
Толькі пасля гэтага здаўся акупантам. Яго збілі, звязалі і павезлі ў Ліду. Следства цягнулася два месяцы.
Лідскіх паўстанцаў дапытваў капітан Чортаў. Яго допыты былі настолькі жорсткімі, што адзін з арыштаваных па гэтай справе, Людвік Ёдка, страціў розум.
Сам Гажыч у рэшце рэшт прызнаў толькі тое, што быў камісарам паўстанцкага ўрада.
Вітольда Гажыча этапуюць у Вільню - у лапы самога Мураўёва.
22 лістапада 1863 года ваенна-палявы суд паставіў кропку. Вітольда Гажыча прысудзілі да расстрэлу. Яго абвінавацілі ў службе Нацыянальнаму ўраду, арганізацыі паўстанцкай адміністрацыі, сувязях з кіраўнікамі атрадаў і забеспячэнні паўстанцаў харчаваннем і зброяй.
Палітычны суд доўга не разбіраўся, як гэта часта адбывалася і адбываецца на беларускіх землях.
Усіх, хто ведаў Гажыча або мог сустракацца з ім, высылалі ў глыб Расейскай імперыі.
Пазней Мураўёў замяніў смяротны прысуд Гажычу пажыццёвым зняволеннем. Гэта толькі выглядала як літасць. Насамрэч - апынулася адтэрміноўкай смерці.
На пачатку 1864 года этап з Гажычам вырушыў з Вільні. Праз расейскі Ніжні Ноўгарад шлях ляжаў далей на ўсход. Наперадзе былі тысячы кіламетраў дарогі, вясновае бездарожжа, смярдзючыя турмы, холад, голад і крымінальнікі, сагнаныя з усёй імперыі.
Пасля лідскай і віленскай турмаў і допытаў Гажыч быў ужо цяжка хворы. Да Сібіры ён не даехаў.
Паводле адных сведчанняў, памёр па дарозе на катаргу. Паводле іншых, сканаў у Маскве ад імклівых сухотаў.
7 кастрычніка 1864 года газета «Айчына» («Ojczyzna»), якая выходзіла ў швейцарскім Бэндліконе пад Цурыхам, паведаміла пра смерць Вітольда Гажыча.
Яму было ўсяго дваццаць тры гады.