АСОБА У ГІСТОРЫІ
Нобелеўскі лаўрэат быў супраць Нобеля для Васіля Быкава. Прычына - нямецка-савецкая вайна
Да ідэі вылучыць Васіля Быкава на Нобелеўскую прэмію па літаратуры скептычны паставіўся Чэслаў Мілаш. Ён сумняваўся не толькі ў шансах беларускага пісьменніка, але і ў тым, ці прынясе яго перамога карысць самой Беларусі.
Прычына была нечаканая: Вялікая Айчынная вайна і яе месца ў беларускай гістарычнай памяці.
Ініцыятыва вылучыць сусветнавядомага аўтара з Беларусі на Нобелеўскую прэмію па літаратуры мае сваю гісторыю. Кандыдатуру Васіля Быкава прапанавалі яшчэ ў 1999 годзе нямецкія інтэлектуалы.

Васіль Быкаў. Публічная дамена
Ідэю актыўна падтрымаў польскі пісьменнік беларускага паходжання Сакрат Яновіч, а таксама ўраджэнец Менску Ежы Гедройць, рэдактар парыжскага часопіса «Культура», які меў вялікі ўплыў у польскім інтэлектуальным асяроддзі.
- Быкаў як ніхто варты гэтай узнагароды, будучы даволі вядомым у Еўропе аўтарам, - сведчыў Сакрат Яновіч.
____________________________________________________________
____________________________________________________________
Гедройць звярнуўся да Чэслава Мілаша з просьбай разам з іншай польскай нобелеўскай лаўрэаткай, Віславай Шымборскай, падтрымаць беларускага пісьменніка. Васіль Быкаў у той час знаходзіўся фактычна ў палітычным выгнанні, жыў у Хельсінкі на запрашэнне фінскага Пэн-клуба.
«Тое, што Быкаў не стаў, і, магчыма, не стане нобелеўскім лаўрэатам, тлумачыцца проста: антыбеларускім характарам улады ў Беларусі, фактычна каланіяльнай. Быкаў не можа разлічваць на падтрымку з боку ўласнай краіны, бо кіруюць ёю не-беларусы, Саветы. Толькі міжнародная падтрымка можа тут нешта зрабіць», - адзначаў Сакрат Яновіч.
У лісце Мілашу ад 19 лістапада 1999 года Гедройць тлумачыў, што прызначэнне Нобелеўскай прэміі беларускаму аўтару можа выклікаць у самой Беларусі ўздым нацыянальнай свядомасці, узмацніць імкненне да незалежнасці і аслабіць пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі.
Мілаш, відавочна, адказаў зусім не так, як чакаў Гедройць:
«Беларуская гістарычная свядомасць, калі яна ўвогуле існуе, не сягае далей за Вялікую Айчынную вайну - пра гэта паклапаціліся падзеі і паклапацілася Масква. А тая Айчынная вайна была вайной Савецкага Саюза, і памяць пра яе служыць эмацыйным сувязям Беларусі з Расіяй».
На яго думку, савецкая ўлада сфармавала ў беларусаў такое ўспрыманне мінулага, у якім галоўнае месца займала Вялікая Айчынная вайна. А памяць пра яе не аддзяляла Беларусь ад Расіі, а, наадварот, звязвала іх.

Чэслаў Мілаш (ад левай) атрымлівае Нобелеўскую ўзнагароду па літаратуры. 1980 год. Публічная дамена
Васіль Быкаў атрымаў міжнародную вядомасць перадусім дзякуючы сваім ваенным аповесцям. Менавіта гэтую асаблівасць яго творчасці Мілаш палічыў перашкодай для Нобелеўскай прэміі.
"Улічваючы прагу да актуальнасці, уласцівую многім сябрам Шведскай акадэміі, прысуджэнне Нобелеўскай прэміі летапісцу Другой сусветнай вайны не здаецца мне верагодным", - пісаў ён. "А нават калі б і так - ці ў інтарэсах беларускай грамадзянскай супольнасці мы павінны да гэтага імкнуцца?"
Народжаны на прасторах былога беларуска-літоўскага княства, нобелеўскі лаўрэат 1980 года, Чэслаў Мілаш справядліва заўважыў, што савецкая ўлада зрабіла Вялікую Айчынную вайну цэнтрам беларускай гістарычнай памяці. Але ці азначала гэта, што кожны пісьменнік, які пісаў пра вайну, умацоўваў савецкае ўяўленне пра мінулае? У гэтым і была супярэчнасць пазіцыі Мілаша.
У аповесці «Сотнікаў» галоўная тэма - не перамога саветаў над немцамі, а выбар паміж здрадай і смерцю. У «Мёртвым не баліць» Быкаў паказаў не толькі жорсткасць вайны, але і тое, як савецкія людзі знішчалі сваіх жа. У «Знаку бяды» вайна прыходзіць на беларускі хутар, дзе жыццё Сцепаніды і Петра Багацькаў ужо было зламанае сталінскай калектывізацыяй.
Так, Быкаў пісаў пра вайну, але не пра тую, якую малявала савецкая прапаганда. Там за святам Перамогі часта не было відаць чалавека - з яго жаданнем жыць, і неабходнасцю штодня выбіраць паміж жыццём і сумленнем. А ў Быкава менавіта гэты чалавек і быў галоўным. Не той, хто абавязкова пераможа, а той, хто хоча выжыць і пры гэтым не страціць чалавечнасць. Быкаў паказваў чалавека перад выбарам, а не дзяржаву ў арэоле перамогі.
Сам Гедройць спрабаваў пераканаць Мілаша іншымі аргументамі. Для Ежы Гедройця Васіль Быкаў быў адным з сімвалаў незалежнай Беларусі. Для Чэслава Мілаша яго ваенная тэматыка заставалася прычынай сумнявацца ў карысці для Беларусі Нобелеўскай прэміі.
Гедройць спадзяваўся, што Нобель для беларускага пісьменніка дапаможа Беларусі вызваліцца ад палітычнай залежнасці ад Расіі. Мілаш жа звязваў ваенную тэматыку Быкава з савецкай гістарычнай памяццю і сумняваўся, што ўзнагарода дасць чаканы вынік.
Пры гэтым у лісце Мілаш не ставіў пад сумненне пісьменніцкую сілу Васіля Быкава. Ён не верыў у нобелеўскія перспектывы Быкава і палітычную мэтазгоднасць кампаніі па ягонай падтрымцы.
Гедройць з аргументамі Мілаша ніколі не пагадзіўся.
30 лістапада 1999 года ён адказаў, што ваенная тэматыка не робіць Быкава пісьменнікам мінулага.
Рэдактар “Культуры” звярнуў увагу на зусім іншыя абставіны: Быкаў адкрыта падтрымліваў беларускі незалежніцкі рух, фактычна знаходзіўся ў эміграцыі, быў вядомы ў Германіі, а яго імя пры Лукашэнку было практычна забароненым.
«Яго стаўленне да незалежніцкага руху ў Беларусі не выклікае сумненняў», - трымаўся сваёй праўды Ежы Гедройць.
Для яго Быкаў быў не проста аўтарам твораў пра вайну, а адным з сімвалаў сучаснай беларускай літаратуры і незалежнай Беларусі. Гедройць прасіў Мілаша яшчэ раз абдумаць прапанову. Ён прызнаваў, што без падтрымкі нобелеўскага лаўрэата ажыццявіць задуму будзе надзвычай цяжка.
Але пераканаць Мілаша не ўдалося. У траўні 2000 года Ежы Гедройць прызнаў, што яго намаганні ў справе Быкава цалкам праваліліся. У верасні таго ж года ён памёр.
«Гэта не той клопат, якому я павінен аддаваць столькі думак, душы, часу», - адказваў Васіль Быкаў, калі яго запытвалі пра магчымага Нобеля.
І ўсё ж у 2001 годзе Васіль Быкаў быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Стаць яе лаўрэатам перашкодзіла толькі заўчасная смерць беларускага класіка - 22 червеня 2003 года.
З таго часу Нобелеўскімі лаўрэатамі сталі двое беларусаў: Святлана Алексіевіч у 2015-м і Алесь Бяляцкі ў 2022-м.
Рэдакцыя
фота на вокладцы MaxZolotukhin/ Shutterstock