ДРУГАЯ СУСВЕТНАЯ ВАЙНА
Гэта гісторыя звязала з Беларуссю чатырох прэзідэнтаў ЗША
Галоўны герой нашага аповеду - Давід Пісар, які ратаваў габрэяў з гета ў Ваўкавыску, за што быў расстраляны нацыстамі.
Ягоны сын, Самуэль Пісар, адзін з нямногіх габрэяў беларуска-польскага памежжа, якім удалося выжыць у нацысцкім молаху. Прайшоў Майданэк, Аўшвіц, Дахаў. Пасля вайны ён апынуўся ў ЗША, сябраваў з 35-м прэзідэнтам гэтай краіны Джонам Кенэдзі і быў адным з ягоных дарадцаў.
Самуэль Пісар быў айчымам Энтані Блінкена, які ў 90-ыя гады працаваў у адміністрацыі Біла Клінтана, у 2010-я - Барака Абамы, а ў перыяд 2021-2025 быў дзяржсакратаром ЗША за часоў прэзідэнтуры Джо Байдэна.
Энтані Блінкен неаднаразова цёпла і з гонарам выказваўся пра Пісараў.
________________
У жніўні 1939 года Гітлер са Сталіным арганізавалі падзел Усходняй Еўропы і прынеслі чарговую бяду нашым народам.
У чэрвені 1941 года гітлераўскі Рэйх нападам на Савецкі Саюз зрынуў нашыя землі ў яшчэ больш вынішчальную катастрофу. Гэта быў жахлівы перыяд для Беларусі і для народаў, якія жылі на яе зямлі.
У 1941 годзе нацысты парэзалі Беларусь літаральна на шматкі. Беларускія землі апынуліся ў складзе розных частак складанай гітлераўскай адміністрацыі:
Бецырка Беласток, рэйхскамісарыяту Остланд з цэнтрам у Рызе, рэйхскамісарыяту Україна з цэнтрам у Роўна, ваеннай адміністрацыі групы армій “Цэнтр”.
Бецырк Беласток на ўсходзе сягаў за беларускія гарады Скідзель, Гродна, Масты, Ваўкавыск, Зэльву, Ружаны, Пружаны, Камянец. Гэтая частка Беларусі была далучана да Усходняй Прусіі, яе чакала максімальна імклівая германізацыя.
Род Пісараў паходзіў з Беластоку. Заможная свецкая сям’я, Давід Пісар у міжваенны час адслужыў у польскім войску, развівае сямейны бізнес – нерухомасці, крама ровараў, аўтамабілі, іх сэрвіс, першыя таксоўкі Renault і Shevrolet у Беластоку.
Усё рушыць ганебная дамова-пакт Сталіна з Гітлерам 23 жніўня 1939 года. 
Сям'я Пісараў: Алена, Давід, Самуэль "Муля" з малодшай сястрой напярэдадні вайны. Ілюстрацыя з кнігі "З крыві і надзеі", BialystokSubjektywnie.
З савецкіх лап у 1939 годзе Пісарам удаецца вырвацца: НКВДзістаў, якія шукалі на высылку ў Сібір багатых габрэяў, Давід Пісар сустрэў вылазячы з-пад рамантаванага аўто, у спяцоўцы, запэцканы алівай - яго прымаюць за “рабочы клас” і выкрэсліваюць з "ссыльных" спісаў.
Нацысты ў канцы чэрвеня 1941 года пачынаюць у Беластоку з таго, што паляць Вялікую сінагогу разам з некалькімі сотнямі (а паводле іншых крыніц - ахвяраў магло быць да 2 тысяч) іўдзеяў.
Сям’ю Пісараў заганяюць у гета. У Бецырку Беласток гета ў асноўным былі “лягчэйшыя” - адкрытыя, габрэі самастойна хадзілі на працу.
І Давід быў вельмі запатрабаваны, ён ці не адзіны талковы аўтамеханік у Беластоку. У гэтым ён бачыць шанец. Не толькі, каб выжыць самому і сям’і, але і даць надзею на ўратаванне іншым. Аўтамеханіка Давіда ведаюць высокія нямецкія чыны, ён, у пэўнай ступені, па-за падазрэннямі ў нелаяльнасці.
Пісар-старэйшы ўладкоўваецца шафёрам да немца Курта Рынгенмута, які ў Беластоку трымае вадаправодную фірму. Верны сябра партыі Гітлера, NSDAP, Курт Рынгенмут не тое, каб супраць яе скрайне антысеміцкай ідэалогіі, але больш цэніць добрых работнікаў, якія прыносяць добрыя грошы, і, прынамсі, ідзе на кантакт. Немец нават неаднаразова абедае разам з Давідам Пісарам за адным сталом. Давер да яго поўны.


Вываз габрэяў з Гарадзенскага гета, канец 1942 года. Здымкі з Yad Vashem
Да восені 1941 года нацысты ствараюць у Бецырку Беласток, куды ўваходзяць беларускія землі, больш 30 гета.
Па розных падліках знаходзіцца там маглі ад 170 да 350 тысяч габрэяў. У гета ў Гродне - 25 тысяч, у Беластоку - 60 тысяч. Габрэі дармовая працоўная сіла: шаўцы, краўцы, слесары, любая праца на патрэбы нацысцкага войска, гарадскіх адміністрацый, абслуга ўласна гета.
З восені 1941 года, пасля першых масавых растрэлаў, у лёсах габрэяў беларускіх тэрыторый Бецырка Беласток настае перыяд адноснай цішыні.
Але ўжо з 2 лістапада 1942 года нацысты распачынаюць планамерную ліквідацыю гета. З 30 вырашана пакінуць 5. На Гарадзеншчыне габрэяў звозяць у гета пад Гродна і ў Ваўкавыск. Гэта часовыя, зборныя гета, людзей рыхтуюць на вываз у лагеры смерці - найчасцей у бліжэйшы - Траблінку, але таксама і ў Аўшвіц.
У Ваўкавыск звозяць габрэяў Росі, Свіслачы, Поразава, Лыскава, Ізабеліна, Пяскоў, Мастоў, Ружаны. Загадваюць узяць прадуктаў на два дні, а ключы ад дамоў, кватэраў аддаць нацыстам.
Людзей кідаюць у вялікія глыбокія зямлянкі памерам 50 на 10 метраў, трохпавярховыя драўляныя нары, тэрыторыя абнесена калючым дротам. 170 грамаў "хлеба" ў дзень і міса "супа" - вада на неабранай бульбе.
У канцы лістапада ваўкавыскім вязням паведамляюць, што іх неўзабаве пачнуць адпраўляць на работы ў Германію. Так гітлераўцы тушуюць сапраўдную мэту вывазу. Масавыя эшалоны запланаваныя на 6-8 снежня 1942 года.
Шафёр Давід Пісар ведае пра планы немцаў на Ваўкавыскае гета.
Ён ідзе да свайго шэфа, немца Курта Рынгенмута і прапаноўвае рызыкоўнае - выцягнуць частку габрэяў з Ваўкавыскага гета. Там у жудасных умовах на канец лістапада 1942 года знаходзяцца нават да 20 тысяч чалавек, звезеных з іншых гета, утвораных нацыстамі ў беларускіх гарадах і мястэчках.
Выцягваць і перапраўляць у Беласток, які здаецца адносна бяспечным месцам. Прынамсі, ніякіх размоваў пра ліквідацыю гета ў Беластоку на той момант не ідзе. Беластоцкае гета так і будзе ліквідавана апошнім, у жніўні 1943 года.
Немец Курт называе сваю цану за паслугу і рызыку - 3-4 тысячы рэйхсмарак за кожнага ўратаванага, але Давід Пісар з сябрамі былі да гэтага гатовы.
Аперацыя па ўратаванні людзей з гета ў Ваўкавыску была дасканала распрацавана.
У адной з зямлянак гета нацысты стварылі нешта кшталту шпіталя, працуюць там лекары з Беластоку, добрыя знаёмцы Пісара - Хорн, Эпштэйн і Залман.
Яны вырашаюць даваць абраным на ўратаванне ўкол з адмысловым лекам, які выклікаў страту прытомнасці. Пасля афіцыйнага фіксавання смерці немцамі, “нябожчыкаў” везлі на могілкі, дзе іх “ажыўлялі”, пераапраналі ў сялянскую вопратку, і вывозілі машынай. Давід быў за кіроўцу, Курт гарантаваў бяспеку на выпадак цікавасці з боку нацыстаў.
Насельнікі гета і ў рэальнасці гінулі штодзённа дзесяткамі чалавек, таму раптоўнае павелічэнне колькасці памерлых, пытанняў не выклікала.
Такім чынам група, якой кіраваў Давід Пісар, паспела вывезці з Ваўкавыска некалькі дзесяткаў чалавек. Цяжка тут ужыць слова "ўратаваць", бо найверагодней за ўсё, абсалютная большасць вывезеных Пісарам з Ваўкавыска, праз некалькі месяцаў загіне ў часе ліквідацыі "бяспечнага" беластоцкага гета.
Дзяцей часцей за ўсё аддавалі на выхаванне ў мясцовыя вёскі. Пераважна дзяўчат. З зразумелых анатамічна-традыцыйных прычын было лягчэй схаваць іх рэлігійную і нацыянальную прыналежнасць.
На 11 студзеня 1943 быў запланаваны чарговы скок у Ваўкавыск.
У гета на той момант заставалася не больш 1600-1700 чалавек. Асноўная колькасць ужо была вывезена нямецкімі нацыстамі, пераважна ў Траблінку.
Недзе ў гэты ж час у Ваўкавыску загінуў і Шлёма Язерніцкі з Ружаны, бацька будучага шматразовага прэм’ера Ізраіля Іцхака Язерніцкага (Шаміра).
Рынгенмуту тэрмінова трэба было ў Каралевец, сталіцу Усходняй Прусіі. Выезд у Ваўкавыск адкладаць было нельга. Лік, сапраўды, ішоў на гадзіны. Група вырашыла ехаць у Ваўкавыск без Курта.
І тут на авансцэну гісторыі выходзіць габрэй Юдкоўскі. Ён меў крыўду на Курта, бо той, нібыта, адмовіўся выцягнуць з Ваўкавыска ягоную сястру. Юдкоўскі напісаў данос у гестапа. З нейкай сваёй рацыі, у даносе ён ані словам не ўзгадаў Курта Рынгенмута, але назваў іншых, у тым і Давіда Пісара.
Група толькі вярнулася з Ваўкавыска, але паспела “разгрузіцца”. Наляцелі гестапаўцы. Давіда ўзялі першым, моцна збілі. Арыштавалі таксама іншых габрэяў-работнікаў фірмы.
Праз некалькі дзён немцы выпусцілі ўсіх, акрамя Давіда Пісара. Яго палічылі завадатарам, арганізатарам і галоўным удзельнікам ратавання ваўкавыскіх габрэяў.
Па ўскосных сведчаннях, ніхто з затрыманых, нягледзячы на здзекі і збіццё, не выдаў Рынгенмута. Магчыма, нацысты не хацелі ўнутрынямецкага скандала, нехта з вышэйшага кіраўніцтва мусіў бы адказвасць за недагляд і халатнасць. Справу замялі.
Адзінае, што зрабілі “партайгеносе” Рынгенмута, гэта асудзілі яго нацыянал-сацыялістычным “партайгеносным” судом, змусілі да ліквідацыі фірмы і выезду з Беластока. У красавіку 1942 года Давіда Пісара расстралялі.
З сям’і Пісараў выжыў толькі Самуэль.
Але пражыў жыццё за ўсіх сваіх родных. Прайшоў масу лагероў смерці ад Майданэка да Дахаў, стаў адным з наймаладзейшых габрэяў, якія перажылі халакост. Пасля вайны яго знайшлі аўстралійскія сваякі. Вывучыўся ў Сарбоне і Гарвардзе. Быў дарадцам у UNESCO, адміністрацыі Джона Кенэдзі, Кангрэса ЗША.
Заснаваў адвакацкую кантору, кліентамі якой былі многія сусветныя зоркі - Катрын Дэнёў, Ава Гарднэр, Джэйн Фонда, Сціў Джобс, Ліз Тайлэр.
Самуэль Пісар выхоўваў Энтані Блінкена, будучага дзяржсакратара ЗША за часоў Джо Байдэна.
Некалькі разоў наведваў родны Беласток, але так і не знайшоў месца, дзе быў забіты і пахаваны ягоны бацька - Давід Пісар, які аддаў жыццё ратуючы беларускіх габрэяў з Ваўкавыска.
Рэдакцыя
Выкарыстаны матэрыялы:
Самуэль Пісар, "З крыві і надзеі"
Stan badań nad pomocą Żydom na ziemiach polskich pod okupacją niemiecką
Pawel Kornacki, Jak zginął dziadek Antony’ego Blinkena, www.przystanekhistoria.pl
Матэрыялы для прэсы Universal Studios да фільма “Schindler’s List”