ДРУГАЯ СУСВЕТНАЯ ВАЙНА
Чырвоная Армія ўварвалася ў Заходнюю Беларусь і Польшчу. Паляк дзякуе беларусам
«Я магу ёй аддзячыць толькі так». Як беларуска выратавала польскую сям'ю ад Сібіры.
Ежы Пуцілоўскаму было дванаццаць поўных гадоў, калі 17 верасня 1939 года Чырвоная армія ўварвалася ў Заходнюю Беларусь і Польшчу, увайшла ў Гародню, Берасце, Беласток.

Чырвоная армія заходзіць у Заходнюю Беларусь, 17 верасня 1939 года. Фота IPN
Пуцілоўскія жылі ў Беластоку, трымалі пякарню, пабудавалі два дамы. Бацьку перад вайной мабілізавалі ў польскае войска. У верасні 1939 года горад спачатку акупавалі немцы, але праз некалькі дзён сышлі, і з усходу з'явілася савецкае войска. Усё згодна з таемнымі пратаколамі пакта Сталіна з Гітлерам.

22 верасня 1939 года. Гітлераўцы перадаюць Беласток савецкай адміністрацыі. Публічная дамена

Прапагандысцкая расцяжка ў Беластоку, верасень 1939 года. Архіў IPN
Праз шмат дзесяцігоддзяў Пуцілоўскі ўсё яшчэ памятае, што пайшоў паглядзець, як саветы ўваходзілі ў Беласток.
- Мы не казалі на іх «расейцы». Мы казалі «кацапы». І я дагэтуль пра іх так думаю. Зброд. Яны ніяк не змяніліся. І цяпер такія самыя.
На вуліцы Траўгута, на ўездзе ў горад з боку Гародні, ужо стаяла прывітальная брама з чырвонымі сцягамі, збудаваная беластоцкімі габрэямі і мясцовымі палякамі-камуністамі. Сабралася каля сотні людзей. Ішла савецкая пяхота, за ёй - кавалерыя і маленькія фурманкі.
- Убогае відовішча. Проста абадранцы, - бязлітасна ўзгадвае Пуцілоўскі пабачанае ў 1939 годзе. - Кавалерыя! Яны нагамі даставалі да зямлі. Гэтыя коні былі сібірскімі поні. А яшчэ маленькія вазы, такія калгасныя фурманкі. Ды яшчэ ад іх страшэнна смярдзела. Вошы былі ва ўсіх, таму яны мазаліся такой смярдзючай маззю.
Пуцілоўскі памятае, што ўпершыню пра расейцаў пачуў ад маці, якая ў часы Расійскай імперыі вучылася ў школе ў Гродне.
- У школе за ўжыванне польскай мовы білі па твары. Расейцы казалі, што польская - гэта перакручаная расейская мова. Мне не было яшчэ трынаццаці, але я ўжо ўсведамляў, што гэта вораг, кат, нашэсце гунаў, нейкіх такіх цывілізацыйна адсталых людзей.
Але вельмі хутка стала не да знешняга выгляду новых гаспадароў.
У Беластоку, дзе да вайны жылі каля 100 тысяч чалавек, цягам некалькіх месяцаў колькасць жыхароў за кошт савецкіх вайскоўцаў вырасла амаль да 300 тысяч.

Сталінская армія ў чаканні маршу на Беласток. Верасень 1939 года. Фота IPN
- Мы баяліся, але гэта яшчэ не быў панічны страх. Да 10 лютага 1940 года, да першай высылкі ў Сібір, гэта яшчэ не быў той страх.
Новая савецкая ўлада пачала нацыяналізацыю прыватнай маёмасці. У Пуцілоўскіх спачатку забралі адзін пакой, потым яшчэ два. Першы кватарант проста сказаў, што атрымаў загад пасяліцца ў іх. Пасля яго засяліўся маёр артылерыі.
- Ён надта любіў паляваць, - распавядае Пуцілоўскі. - Раз на некалькі дзён прыносіў розныя трафеі і кідаў на падлогу. Аднойчы прынёс ваўка, ідыёт.
Пасля маёра пасялілася сям'я Гапеевых. Старэйшы Гапееў служыў у НКВД і быў так напампаваны прапагандай, што яна вылазіла з яго на кожным кроку, у кожным сказе.
- Казаў нам: «У вас няма ніякай культуры». Бацька спытаў, чаму ён так лічыць. А той: у вас на вуліцах няма гадзіннікаў. Бацька адказвае: нам не патрэбныя гадзіннікі на вуліцах, бо ў нас яны на руках. А ён: а дзе ў вас вошабойкі? Бацька кажа, што ў нас людзі не маюць вошай, што чыста, таму і няма патрэбы ў вошабойках. Той не здаецца і кажа: «А навошта вам такія вялікія коні?» Гэты іх вывернуты навыварат спосаб мыслення быў неверагодны.

Савецкіх вайскоўцаў усё прыбывала. А мясцовых жыхароў рабілася ўсё менш. Раніцай 10 лютага 1940 года на заняткі ў клас, дзе вучыўся Ежы Пуцілоўскі, не прыйшла чвэрць школьнікаў. Так пачалася першая масавая высылка.
- Прыкладна за 800 метраў ад школы стаялі таварныя вагоны для перавозкі жывёлы, куды загналі сотні сем’яў з усім іх скарбам. Мы з бацькам былі там рана-ранкам. Ён даў некалькім савецкім салдатам-канваірам па бутэльцы гарэлкі і так атрымалася перадаць «нашым» тое, што мы прынеслі з дому: крупы, некалькі коўдраў і бохан хлеба.
Савецкія салдаты заходзілі ў вызначаныя дамы і загадвалі збірацца. Час на зборы залежаў ад начальніка канвою, ім зазвычай быў афіцэр НКВД. Адны давалі дваццаць хвілін, больш «ліберальныя» - гадзіну. Некаторыя нават раілі, што ўзяць з сабой. Але былі і такія, што падганялі: абы хутчэй, абы больш нерваў, абы трывога, паніка.
- Мама пачала збіраць клункі. На ўсялякі выпадак. І ў нас адзін пакой быў практычна завалены гэтымі клункамі. Бацька смяяўся, казаў маме: "Думаеш, яны дазволяць табе столькі ўзяць?"
Пуцілоўскія яшчэ спрабавалі трымаць пякарню. Але ўвесну 1940 года той самы энкавэдыст Гапееў папярэдзіў: прыватная дзейнасць пры новай уладзе небяспечная. І прапанаваў уладкаваць бацьку Ежы пекарам у казармы палка Чырвонай арміі.

Беласток у кастрычніку 1939 года. Беларусы абавязкова пазнаюць гэты ракурс - сёння тут цэнтральная гарадская развязка. Найбліжэйшая дарога на вакзалы. Публічная дамена.
Партрэт Сталіна ў сэрцы Беластока на палацы Браніцкіх. 1939 год. Фота з AIPN
Пасля працы бацьку яшчэ даводзілася хадзіць на ідэалагічныя заняткі, пісаць «ідыёцкія дыктоўкі пра тое, як мы жывём пад сонцам сталінскай канстытуцыі».
Пуцілоўскі, які энкавэдыста не любіў, праз дзесяцігоддзі прызнаў:
- Гэты камуніст з прамытымі мазгамі ўсё ж меў чалавечыя пачуцці. Параіў не трымаць пякарню, не пячы людзям хлеб, бо гэта, маўляў, небяспечна і амаральна, - і такім чынам нас выратаваў.
У Пуцілоўскіх быў яшчэ адзін дом у Беластоку. Бацька пабудаваў яго перад вайной з рэштак старога драўлянага касцёла. Пасля прыходу савецкай улады распараджацца домам Пуцілоўскія ўжо не маглі. Новая ўлада пачала засяляць туды сваіх людзей.
У адной з кватэр на другім паверсе пасяліўся савецкі камандзір з жонкай - высокапастаўленай чыноўніцай. Яна была беларускай. Родам з Барысава.
Яе прозвішча Ежы Пуцілоўскі праз дзесяцігоддзі ўжо не памятае.
Паміж беларускай і Лёдзяй, мамай Ежы, завязаліся асцярожныя, абачлівыя, суседскія, амаль прыяцельскія адносіны. Пра палітыку, вядома, не гаварылі. Ды і як было гаварыць? Вакол знікалі людзі.
Над Пуцілоўскімі жыў пан Лясняк, які, як лічыў Ежы, быў звязаны з польскай разведкай. Аднойчы хлопчык убачыў, як яго выводзяць з дому разам з двума маленькімі дзецьмі. Выслалі таксама сваякоў Пуцілоўскіх з-пад Саколкі. Што з імі сталася далей, сям'я так ніколі і не даведалася.
У 1941 годзе суседка-беларуска зайшла на гарбатку да Пуцілоўскіх і ўбачыла ў адным з пакояў сабраныя маці клункі.
- Будзьце спакойныя, Леакадзія Аляксандраўна, вас не вывезуць.
Маці Ежы ў роспачы спытала: адкуль тая можа гэта ведаць?
Жанчына адказала, што працуе ў гарадскім партыйным камітэце. Спісы на высылку НКВД падрыхтаваныя, але іх яшчэ мусіла зацвердзіць мясцовае аддзяленне камуністычнай партыі, а беларуска займала там высокую пасаду.
Пазней высветлілася: сям'я Пуцілоўскіх ужо была ў спісе на высылку. Беларуска здолела выкрэсліць іх адтуль. Але і папярэдзіла: не цешцеся. Ніякай радасці не паказвайце. Больш за тое - працягвайце далей хадзіць па горадзе панурыя.
Пуцілоўскіх не вывезлі. Але сам Ежы ў савецкі лагер усё ж трапіць.
Ежы Пуцілоўскі пасля вызвалення ў 1946 годзе. Фота са збораў беластоцкага Музею Сібіры.
У часе нямецкай акупацыі ён стане жаўнерам Арміі Краёвай, пад псеўданімам «Роберт» далучыцца да польскай баявой моладзевай арганізацыі «Шэрых шэрагаў». У лістападзе 1944 года сямнаццацігадовага хлопца арыштуюць. Пасля жорсткіх допытаў кінуць у спецфільтрацыйны легер НКВД у расейскім Сталінагорску пад Тулай, дзе Ежы давядзецца працаваць у вугальнай шахце.
Дадому ён вернецца толькі ў студзені 1946 года - хворым і знясіленым дзевятнаццацігадовым хлопцам. Пазней Пуцілоўскі атрымае адукацыю, скончыць Варшаўскую школу эканомікі, будзе працаваць у польскіх прадпрыемствах замежнага гандлю.
Але падзеі 17 верасня 1939 года і дапамогу беларускі з Барысава Ежы Пуцілоўскі не забудзе.
Калі ў 2022 годзе яго спыталі, ці адчувае ён удзячнасць да той беларускай жанчыны, адказ быў кароткі:
- Велізарную.
У 2021 годзе ў Беларусі гарэў знакаміты Будслаўскі касцёл. Калі Пуцілоўскі прачытаў, што збіраюць грошы на яго аднаўленне, ён таксама выслаў ахвяраванне.
- Толькі так я магу ёй аддзячыць, бо, сорамна прызнацца, не памятаю яе прозвішча. Шкада. Памятаю толькі гэты Барысаў.
Рэдакцыя
Паводле кнігі Магдалены Рыгамонці «Niewygodni. Mówią prawdę o wojnie»