ЭКАНАМІЧНАЯ ГІСТОРЫЯ

больш артыкулаў

12-08-2026

Яго клікалі швайцарскія брэнды, але...

Каротк...

прачытаць
23-04-2026

Куплялі беларускае. Іконы нацыяналь...

прачытаць
19-03-2026

Касцюшка аддаў усе грошы на вызвале...

Але св...

прачытаць
09-04-2026

Чым беларусы здзіўлялі свет у ХІХ-ы...

Глыбок...

прачытаць
12-08-2026

Найстарэйшы дзеючы ратушны гадзіннік Еўропы знаходзіцца ў Беларусі. Даказана

Найстарэйшы з вядомых дзеючых аўтэнтычных вежавых ратушных гадзіннікаў Еўропы знаходзіцца ў Беларусі. Не ў Венецыі, не ў Страсбуры і не ў Парыжы, а ў Гародні. Параўноўваем яго гісторыю з гісторыяй іншых славутых еўрапейскіх вежавых гадзіннікаў.

Вежавыя механічныя гадзіннікі з'явіліся ў XIV стагоддзі ў Італіі. Першы з тых, пра які маецца дакладная інфармацыя, быў усталяваны на вежы палаца віконта ў Мілане ў 1335 годзе. Пройдзе некалькі год і падобныя вежавыя гадзіннікі з’явяцца ў італійскіх гарадах Мадэна (1343 год), Падуя (1344 год) і Монца (1347 год). На французскіх і нямецкіх землях з’яўленне гарадскіх вежавых гадзіннікаў датуецца 1354 годам - Страсбур, Нюрнберг -  1361 год, у 1370 годзе - у Ліёне, Парыжы, і таксама ангельскім Лондане. Да 1500 года вежавыя гадзіннікі былі амаль ва ўсіх буйных гарадскіх цэнтрах Еўропы.

 

Першы беларускі вежавы гадзіннік узгадваецца ў архіўных дакумантах 25 ліпеня 1541 года - гэта гадзіннік на першай ратушы ў Гародні. Але вельмі верагодна, што гадзіннік на вежах Гародні існаваў раней. Бо вядома, што дазвол пабудаваць у горадзе “Ратушу з Гадзіннікам […] на месцы гаднейшым”, гарадзенцы атрымалі 21 сакавіка 1496 года ад вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягайлавіча.

 

Найстарэйшы дзеючы вежавы гадзіннік Еўропы служыць жыхарам Гародні. Публічная дамена.

Па прывілеі князя і караля Жыгімонта II Аўгуста 1551 Берасце абавязвалася мець гадзіннік і трымаць пры ім трубача і вядома, што ў 1619 годзе такі гадзіннік у Берасце ўжо быў. Койданава займела гарадскі гадзіннік у 1620-м годзе, Клецкі замак роўна 400 год таму ў 1626-м, Слуцк меў аж два - у 1642-м годзе на вежы замка, а ў 1717-м на вежы езуіцкага касцёла размясцілі гадзіннік, зроблены майстрам Міхал Гёнерам.  Полацкі гадзіннік, яшчэ да нападу на горад маскоўскіх войск у 1654 годзе паспеў выканаць віленскі майстар Густаў Мудні. Кляштар у Куцейне 1655 год, Нясвіж, Маркаў манастыр у Віцебску, паезуіцкія касцёлы ў Магілёве, Юравічах, касцёл у Воўчыне на радзіме апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, касцёл у Будславе - усе гэтыя беларускія аб’екты вядомыя сваімі вежавымі гадзіннікамі.

Яго клікалі швайцарскія брэнды, але яму снілася Масква

Ілюстрацыйнае фота. Публічная дамена.

На гарадскіх ратушах у тыя часы ўсталёўвалі гадзіннікі просты і функцыйныя. Яны павінны былі арганізоўваць жыццё месцічаў, кантраляваць час працы ганляроў, і, што не менш істотна, падкрэсліваць незалежнасць, дэманстраваць веліч і заможнасць горада. Ратушныя гадзіннікі часта маглі не мець нават цыферблата, быў толькі механізм,  а звон на ўсю гарадскую прастору выбіваў роўныя гадзіны.

Гэта артыкул можа спадабацца: Як Мілінкевіч запусціў гадзіннік, "які падаваў сігналы вязням у СІЗА"

Уласна само ангельскае слова clock - гадзіннік, паходзіць ад лацінскага clocca і французскага cloche. Абодвума гэтымі словамі называлі звон.

Для сабораў часцей выраблялі складаныя астранамічныя гадзіннікі з рухомымі фігурамі. Распаўсюд публічных вежавых гадзіннікаў стаўся магчымым дзякуючы развіццю гандлю і рамёстваў у гарадах Заходняй Еўропы. Да XVII стагоддзя не існавала больш складаных тэхнічных вырабаў чалавека, чым вежавыя гадзіннікі.

 

У іх стварэнні ўдзельнічалі лепшыя майстры, а прафесія гадзіншчыка была адной з самых пачэсных. Аднак амаль ніводзін з механізмаў той эпохі не захаваўся ў сваім першапачатковым выглядзе. Адны гадзіннікі зніклі, другія былі неаднаразова перароблены. Прыкладам, дзякуючы распрацоўкам Галілеа Галілея і яго сына Вінчэнца, а таксама Хрысціяна Гюйгенса ў еўрапейскіх вежавых гадзінніках з другой паловы ХVІІ стагоддзя шырока пачалі выкарыстоўваць маятнікі, як рэгулятараў ходу, што дазволіла павялічыць дакладнасць ходу з 15 хвілінаў да 15 секундаў за суткі. Гэта рабілася ў тую эпоху паўсюдна і адпавядала тагачаснаму эпахальнаму дасягненню ў хранаметрыі. У Гародні маятнік на гадзінніку з’явіўся ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя.

 

Ацэньваючы век  гадзінніка варта ацэньваць таксама век механізма, які працуе цяпер. У абсалютнай большасці вядомых дзеючых старадаўніх вежавых гадзіннікаў сёння выкарыстоўваюцца механізмы XVIII-XX стагоддзяў. Як мы разумеем ужо, гэта тлумачыцца развіццём тэхнікі і пастаянным імкненнем павялічыць дакладнасць ходу публічных хранаметраў.

Вядомы на ўвесь свет астранамічны гадзіннік Страсбурскага сабора – інжынерны цуд XIX стагоддзя - гэта ўжо трэцяе пакаленне старадаўняга гарадскога гадзінніка са знакамітым пеўнем. Упершыню ён быў збудаваны яшчэ ў 1352-1354 гадах. А ў 1574 годзе быў створаны новы, больш сучасны механізм, які спыніўся ў 1789 годзе пасля забурэрэнняў і пашкоджанняў Французскай рэвалюцыі. Сучасны дзеючы страсбургскі гадзіннік выраблены “толькі” ў 1842 годзе. У Музеі дэкаратыўнага мастацтва Страсбура можна пабачыць пеўня-робата з першага гадзінніка, а таксама часткі і дэталі механізма і цыферблата другога гадзінніка.

Аўтэнтычныя сярэднявечныя механізмы сёння выключная рэдкасць нават для гарадоў Еўропы, якім удалося перажыць разбурэнні шматлікіх войнаў.

Славуты гадзіннік сабора ў Солсберы ў пэўнай ступені паўтарае лёс страсбурскага гадзінніка. Ён паходзіць з 1386 года, але не з'яўляецца вежавым - гэта касцёльны гадзіннік без цыферблата і стрэлак, які толькі адбіваў гадзіны і выкарыстоўваўся для арганізацыі набажэнстваў. Пасля пяці стагоддзяў службы ў 1884 годзе яго дэмантавалі і замянілі новым. Толькі ў 1926 годзе стары механізм выпадкова знайшлі на паддашшы сабора. Пасля рэстаўрацыі ён зноў дзейнічае з 1956 года ўжо як гісторыка-тэхнічны помнік.

 

Падобная гісторыя і ў вежавага гадзінніка на Саборы святога Андрэя ва Ўэлсе ў ангельскім графстве Самерсэт, пабудаванага ў 1392 годзе. Да 1882 года ён працаваў на вежы, пасля чаго яго арыгінальны механізм перадалі ў Лонданскі музей навукі і тэхнікі. На вежы ж усталявалі новы механізм XIX стагоддзя, які ў 2010 годзе быў дадаткова перароблены з ручной заводкі на электронную. Ад першапачатковага гадзінніка захаваўся толькі аўтэнтычны цыферблат - найстарэйшы ў Еўропе.

 

Неаднаразова мадэрнізаваўся і славуты пражскі ратушны гадзіннік Арлой, на Старамесцкай плошчы, створаны ў 1410 годзе. Напрыканцы XV стагоддзя ён быў цалкам перароблены, атрымаў новы астранамічны каляндар, а ў XVII-XIX стагоддзях пастаянна ўдасканальваўся, дадаваліся новымі рухомымі фігурамі. Сёння Арлой складаецца ўжо з шасці ўзаемазвязаных механізмаў розных эпох.

Пражскі гадзіннік Арлой. Публічная дамена.

На гэтым фоне гісторыя ратушнага гадзінніка ў Гародні выглядае выключэннем. Яго старадаўні механізм захаваў сваю першапачатковую канструкцыю, як і раней заводзіцца ўручную і ўжо пяць стагоддзяў працягвае адмяраць гарадскі час. Менавіта таму гарадзенскі гадзіннік, які цяпер упрыгожвае вежы Фарнага касцёла святога Францішка Ксаверыя, лічыцца найстарэйшым з вядомых дзеючых аўтэнтычных вежавых ратушных гадзіннікаў Еўропы.

Што мы ведаем пра беларускіх і агулам пра гадзіншчыкаў Вялікага Княства Літоўскага, якія маглі абслугоўваць такія складаныя механізмы.

Першым вядомым нам гадзіншчыкам у Вялікім Княстве Літоўскім быў Ян, які прыбыў на пачатку 1540-х гадоў у складзе світы маладога князя Жыгімонта Аўгуста з Кракава да Вільні і застаўся жыць у сталіцы княства пры каралеўскім палацы.

"Joannes horologiorum magister", або "Ioannes horologiorum magister", ён занатаваны ў у 1543-1572 гадах ў пералічэнні слуг Жыгімонта II, якія атрымлівалі заробак з княска-каралеўскага скарбу. 2 снежня 1561 года ў Гародні зэкгармістр Ян атрымаў пажыццёвы прывілей на збор мыта ў Літве на масту праз Вілію каля Нямэнчына "[…] для служб его, каторыя пры двары нашом будучы чыніт".

У XVI-XVII стагоддзях гадзіншчыкі ВКЛ ужо складалі ў Вільні асобную групу высокакваліфікаваных майстроў. Аднак да сярэдзіны XVIII стагоддзя яны яшчэ не мелі ўласнага цэха і ўваходзілі ў супольную карпарацыю разам з кавалямі, слесарамі, майстрамі ад зброі і прадстаўнікамі іншых рамёстваў.

У Вялікім Княстве Літоўскім гадзіншчыкаў называлі "зэкгармістрамі". Менавіта так кароль Жыгімонт Аўгуст у дакументах сярэдзіны XVI стагоддзя, напісаных на старабеларускай мове, называе адказнага за віленскі гарадскі гадзіннік.

Хронікі захавалі імёны віленскіх зэкгармістраў, пераважна нямецкага паходжання: Леанарда Фрэнка (1557 год), Конрада Грыса (1566 год), Ханнуса Хоннэнфельда (1597 год), Якуба Геркэ (1616 год), Ханса Классэна, Яна Шэрэра і Якуба Еркевіча (іх імёны фіксуюць дакуманты 1655 года), Аляксандра Хельмана (1663 год).

Аднак нават пры наяўнасці ўласных гадзіншчыкаў стварэнне новых вежавых механізмаў у Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ доўгі час даручалі найбольш вопытным еўрапейскім майстрам. Прыкладам, пры вырабе гадзінніка для Віленскага кафедральнага касцёла ў 1610 годзе быў запрошаны гадзіншчык з Гданьска.

Рэдакцыя

Тэкст падрыхтаваны з выкарыстаннем публікацый Аляксандра Мілінкевіча.